Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

раў бізунамі. Ён лаяўся. Ох, як ён лаяў мяне! Плутон яшчэ ніколі не бачыў містэра Кольхауна такім злосным — ніколі ў жыцці!

— Дзе-ж ён цяпер? Яго нідзе не відаць сёння. Думаю, што ён нікуды не паехаў, бо гнеды-ж яго тут.

— Не, містэр Стумп, яго цяпер тут няма. Ён паехаў. Апошнія дні ён увесь час выязджае кудысьці і доўга не вяртаецца назад.

— Конна?..

— Так! Ён ездзіць цяпер на шэрым. Гнедага больш не бярэ. З тае самае ночы, аб якой мы толькі што з вамі гаварылі, ён толькі адзін раз ездзіў на ім. Магчыма, ён хоча, каб гнеды адпачыў.

— Паслухай, Плутон, — сказаў Зеб пасля некалькіх хвілін задумення, — бадай, сапраўды, будзе лепш, калі мая старая кабыла яшчэ крыху падмацуецца кукурузай. Ёй яшчэ шмат давядзецца пабегаць, і яна можа не вытрымаць. Таму няхай наесца, колькі захоча. А пакуль яна жуе, і я магу заняцца тым-жа. Збегай на кухню і паглядзі, ці не знойдзецца чаго закусіць. Кавалак халоднага мяса і лусту кукурузнага хлеба — больш нічога і не трэба. Твая гаспадыня прапаноўвала мне паабедаць, але я баяўся спазніцца і адмовіўся. А цяпер вось перадумаў — пашкадаваў сваю жывёлінку; давядзецца пачакаць. А пры ежы і мне будзе весялей.

— Я зараз збегаю, містэр Стумп, у адну секунду.

Сказаўшы гэта, Плутон пабег цераз двор на кухню. Зеб Стумп астаўся адзін на стайні.

Як толькі негр пайшоў, Зеб накіраваўся да таго месца, дзе стаяў гнеды. Жывёла спалохалася і, дрыжучы ўсім целам, прыціснулася да сцяны.

— Стой! Спакойна! Дурная ты жывёліна, — забурчаў Зеб. — Я не зраблю табе нічога дрэннага. А нораў у цябе не лепш, чым у твайго гаспадара. Ціха, я табе кажу, дай агледзець падковы.

Сказаўшы гэта, Зеб нахіліўся і паспрабаваў узяць каня за нагу.

Гэта яму не ўдалося. Конь раптам пачаў біць капытамі і фыркаць, нібы над ім хацелі сыграць злы жарт.

— Каб ты праваліўся, уродзіна! — са злосцю закрычаў Зеб. — Не можаш пастаяць хвілінку спакойна! Хто цябе збіраецца крыўдзіць? А ну, хадзі да мяне, дурная жывёліна. Я толькі хачу паглядзець, падкута ты ці не.

Зноў хацеў ён падняць капыт, але жывёла ўпарта супраціўлялася.

— Вось перашкода, якой я зусім не чакаў, — прамармытаў Зеб, аглядаючыся навокал у надзеі знайсці што-небудзь, што дапамагло-б яму перамагчы гэту цяжкасць.

«Што рабіць? Папрасіць дапамагчы негра нельга. Ён нічога аб гэтым не павінен ведаць».

Некалькі хвілін паляўнічы прастаяў у задуменні.

— Каб яно правалілася, гэтае нягоднае стварэнне! — зноў усклікнуў ён. — Хочацца проста забіць яго на месцы. А, ёсць!