Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/237

Гэта старонка не была вычытаная

хто хоча забраць закон у свае рукі і сказіць яго ў сваю карысць. А ў нас ёсць такія людзі ў сетлменце, і калі ім не перашкодзіць, яны напэўна гэта зробяць. Асабліва небяспечны адзін чалавек…

— Хто?

— Будзьце ласкавы, нікому толькі не кажыце, маёр. Я ведаю, што вы мне гэта абяцаеце.

— Містэр Стумп, ўсё, што адбываецца тут, захоўваецца ў поўнай таямніцы. Гаварыце спакойна ўсё, што вы думаеце.

— Дык вось, я думаю, што чалавек, які зрабіў гэта забойства, — не Морыс-мустангер.

— І я так думаю. А яшчэ што вы мне можаце паведаміць?

— Я мог-бы яшчэ што-небудзь дадаць. Але гэта ўсяго толькі мае меркаванні. Яны могуць аказацца няправільнымі. І лепш будзе, калі я прамаўчу аб іх да свайго звароту з берагоў Нуэсес. Пасля гэтага я з радасцю падзялюся з вамі тымі звесткамі, якія ў мяне ёсць цяпер, і тымі, якія, магчыма, мне ўдасца сабраць у прэрыі. Ці можаце вы абяцаць мне тры дні?

— Тры дні?

— Да пачатку суда.

— Я абяцаю вам, містэр Стумп. Не гледзячы на тое, што, магчыма, мне давядзецца рыскаваць сваім становішчам, я даю вам слова, што на працягу трох дзён Морыс-мустангер не выйдзе з гауптвахты. Невінаваты ён або вінаваты, але гэты час ён будзе пад маёй абаронай.

— Вы верны прыяцель, маёр! І я калі-небудзь яшчэ дакажу вам, наколькі я гэта цаню. Мне больш няма чаго сказаць вам, толькі я прашу, каб гэта ўсё было таямніцай. Тут ёсць людзі, якія, як толькі даведаюцца, чаго я дабіваюся, гатовы будуць перавярнуць неба і зямлю, каб перашкодзіць маім намерам.

Ад мяне яны не дачакаюцца падтрымкі, містэр Стумп. Вы можаце смела давяраць маім словам.

— Я ведаю, маёр, я ведаю гэта. Дзякуй вам за добрую спагаду.

Развітаўшыся з маёрам, паляўнічы накіраваўся да пляца, дзе чакала яго старая кабыла.

Не даехаўшы да граніцы плантацый Пойндэкстэраў, Зеб пачаў падымацца па крутым схіле, які вёў да раўніны. Там паляўнічы спыніўся ў задуменні пад ценем акацый.

— Чорт пабяры! — прамармытаў Зеб. — Конь Кольхауна адсутнічаў у тую-ж ноч і вярнуўся дадому, абліваючыся потам. Што гэта можа азначаць? Пракляцце на мяне, калі яго рукі не запэцканы ў гэтай бруднай справе. Я ўвесь час так і думаў. Толькі вельмі недарэчна думаць, што Кольхаун забіў стрыечнага брата. Вядома, ён здольны на любую подласць. Але я не разумею, дзеля чаго гэта яму спатрэбілася. Калі-б ён мог разлічваць пасля смерці старога зрабіцца наследнікам замест Генры, гэта можна было-б зразумець. Але гэта не так. Старому Пойндэкстэру не належыць