Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/238

Гэта старонка не была вычытаная

больш ніводнага акра, таксама-ж як і ніводнага негра. Усё захапіў гэты мярзотнік. І чаму яму патрэбна было вызваліцца ад стрыечнага брата? Паміж імі ніколі не было дрэнных адносін. А тут яшчэ замяшаўся мустангер і ўся гэтая сварка, фальшывыя індзейцы, мексіканская дзяўчына, коннік без галавы і чорт ведае яшчэ што! Іосафат! Гэта можа заблытаць мазгі самаму лепшаму чыноўніку. Аднак, нельга траціць дарагога часу. З гэтым кавалачкам жалеза ў руках мне, магчыма, удасца дабіцца хоць-бы частковай разгадкі гэтай крывавай гісторыі, а магчыма — і поўнай. Але куды ехаць?

Зеб наглядзеў навокал, як быццам шукаючы адказу.

— Няма сэнсу пачынаць шукаць у ваколіцах форта або сетлмента. Там уся зямля стаптана слядамі коней. Лепш адразу-ж выехаць у прэрыю і ўзяць кірунак, перасякаючы дарогу на Рыо-Грандэ. Так будзе правільней.

Праехаўшы каля мілі ў напрамку ракі Нуэсес, Зеб павярнуў на захад. Нахіліўшыся наперад, стары паляўнічы ўважліва разглядаў траву з абодвух бакоў ад сцежкі.

Каля мілі праехаў ён у адным напрамку, але тут штосьці прымусіла яго схамянуцца і хутка нацягнуць павады.

Кабыла спынілася. Зеб саскочыў з сядла, зрабіў два-тры крокі наперад і апусціўся на калені; пасля, выняўшы падкову з кішэні, ён прыклаў яе да адбітка капыта, які выразна быў відаць на траве.

— Акурат! — усклікнуў паляўнічы. — Дык вось яны, сляды здрадніка, а магчыма і забойцы!


Раздзел LXXIII

ВОСТРАЎ ПРЭРЫІ

Конніка без галавы не толькі бачылі многія, але бачылі неаднаразова і ў розны час.

Гэта стала прадметам гарачага абмеркавання не толькі ў сетлменце на Леоне, але і ў больш аддаленых месцах. Адны называлі гэта хітрым фокусам індзейцаў; другія думалі, што гэта проста манекен; былі і такія, якія лічылі, што гэта сапраўдны коннік, толькі галава ў яго схавана пад серапэ, а ў серапэ прароблены дзве дзірачкі для вачэй. Многія ўпарта запэўнялі, што коннік без галавы быў самім чортам.

Існавалі яшчэ і іншыя тэорыі, якія ўжо не столькі датычылі самога конніка, колькі той сувязі, якую можна ўстанавіць між ім і забойствам маладога Пойндэкстэра.

Большасць думала, што сувязь паміж гэтымі двума таямнічымі фактамі безумоўна існавала. Аднак, ніхто не мог зразумець, у чым іменна яна заключалася. Той, хто мог-бы праліць некаторае святло на гэтую таямніцу, усё яшчэ кідаўся ў кашмарным брэду гарачкі.

Ужо цэлы тыдзень прайшоў у гэтых разважаннях. І ўвесь гэты час коннік без галавы прадаўжаў з‘яўляцца ў прэрыі. То