Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/239

Гэта старонка не была вычытаная

ён імчаўся хуткім галопам, то ехаў ціхім крокам, то яго конь спыняўся і збянтэжаным позіркам глядзеў навокал, то ён старанна жаваў сакавітую траву багатых паш Техаса.

Гэты загадачны коннік выклікаў шмат самых фантастычных і недарэчных расказаў. Пералічыць іх усё няма магчымасці, ды і няма сэнсу. Але адзін праўдзівы эпізод варта расказаць, бо ён займае важнае месца ў гэтай дзіўнай гісторыі.

* * *

Сярод прасторы адкрытай прэрыі ёсць астравок лесу. Гэта група дрэў займае тры-чатыры акры ў акружыне.

Недалёка ад ляска, на адлегласці якіх-небудзь двухсот ярдаў, спакойна пасвіцца конь — той самы конь, які возіць конніка без галавы. Дзіўны сядок усё яшчэ сядзіць на ім конна. Ні ў касцюме яго, ні ў позе як быццам не адбылося ніякіх перамен з таго часу, як яго бачылі ўпершыню. Паласатае серапэ па-ранейшаму спускаецца з яго плячэй, захутваючы верхнюю частку корпуса, боты са скуры ягуара па-ранейшаму ў яго на нагах.

Ён сядзіць крыху нахіліўшыся наперад, быццам-бы для таго, каб каню зручней было скубці траву. Павады таксама не перашкаджаюць яму — яны настолькі доўгія і так свабодна апушчаны, што жывёла іх нават не адчувае.

Тыя, хто запэўняў, што бачылі яго галаву, гаварылі праўду.

Галава, пакрытая чорным самбрэро з залатым пазументам, знаходзіцца каля левага бядра конніка, але яе можа бачыць толькі той, хто глядзіць на конніка злева. Падбародкам яна дакранаецца да калена. Іншы раз можна бачыць і твар. Рысы яго прыгожыя, але выраз жахлівы. Пасінелыя губы поўразяўленага рота замерлі ў жудаснай усмешцы, паказаўшы два рады белых зубоў.

Да гэтага часу загадачны коннік ездзіў адзін, цяпер у яго ёсць спадарожнікі. Дзесятак стэпавых ваўкоў суправаждае конніка па пятах, скачучы каля яго.

Няма сумнення, што яны надакучаюць каню: ён фыркае і б‘е капытом, калі які-небудзь з іх занадта бесцырамонна блытаецца ў яго пад нагамі. Коннік адносіцца да іх абыякава, таксама, як і да стаі вялікіх чорных птушак, што кружацца над яго плячыма.

На кані, які то спакойна скубе сакавітую траву прэрыі, то нецярпліва адбівае напад ваўкоў і каршуноў, спакойна вандруе навокал ляснога вострава коннік без галавы.


Раздзел LXXIV

НЕЗАДАЧЛІВЫ ЛАВЕЦ

Ці бачыў хто конніка без галавы ў яго новым акружэнні — у суправаджэнні ваўкоў і каршуноў?

Так, бачыў.