Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/241

Гэта старонка не была вычытаная

Дарэмна ён клікаў — конь не падышоў, ён спудзіўся. Ён выпусціў траву з рота, затрос галавою і дзіка захроп. Здавалася, кайоты і каршуны менш палохалі яго, чым гук, які ён пачуў.

Пачуўшы блізкасць чалавека, ён шалёным галопам паімчаўся насустрач шырокаму раздоллю прэрыі.

Расчараваны паляўнічы выехаў на адкрытае месца, асыпаючы лаянкамі ўслізнуўшую здабычу.

Пушчаная ў парыве бяссільнай злосці куля не дасягнула сваёй мэты: коннік без галавы быў ужо далёка.


Раздзел LXXV

ПА СЛЯДАХ

Зеб Стумп нядоўга аставаўся на тым месцы, дзе ён знайшоў адбіткі падковы. Ён адразу-ж устаў на ногі і накіраваўся па следу. Ён ішоў пехатою. Старая кабыла паслухмяна ішла за ім на некаторай адлегласці.

Больш за мілю прайшоў Зеб, то запавольваючы крок у месцах, дзе адбіткі былі мала выразныя, то зноў паскараючы яго, калі сляды рабіліся яснейшымі. Цалкам паглынуты сваімі пошукамі, паляўнічы, здавалася, не заўважаў нічога навакол сябе. Ён не любаваўся бязмежнай саваннай, якая ізумрудным каўром рассцілалася вакол яго, не глядзеў ў бяздонную сінь неба, распасцёртага над ім. Толькі ў траву пад нагамі ўглядаўся ён напружана і сканцэнтравана.

Гук, які раптам пачуўся, прымусіў Зеба азірнуцца. Гэта быў стрэл, што пачуўся здалёку.

Зеб спыніўся. Ён узняў вочы, але не выпрастаў цела. Хуткім позіркам стары паляўнічы абвёў гарызонт. Блакітнаваты дымок, усё яшчэ захоўваючы сваю шарападобную форму, павольна падымаўся да сіняга неба якраз над лясным астраўком. І пляма лесу, і дымок стрэлу, і самы гук яго былі настолькі невыразныя, што толькі спрактыкаванае вока і востры слух паляўнічага маглі ўспрыняць гэтыя ўражанні.

Але Зеб бачыў дымок і чуў стрэл.

— Надзвычай дзіўна! — прамармытаў ён, прадаўжаючы стаяць у позе агародніка, які садзіць расаду капусты. — Надзвычай дзіўна, каб не сказаць больш. І каму гэта магло прыйсці ў галаву паляваць у такім месцы? Там-жа ніякая дзіч не вядзецца. Не апраўдаеш пораху і на адзін стрэл. Апрача кайотаў, там нічога няма. А-о! — прадаўжаў ён пасля некаторага маўчання. — Хто-небудзь з гандляроў у «экскурсіі», як яны кажуць, атакуе гэтых паразітаў, а пасля будзе выхваляцца, што паляваў на ваўкоў. Што-ж, няхай, — гэта мяне не датычыць. Стой! Сюды нехта едзе! Гоніць каня, нібы ратуецца ад цэлай зграі чарцей, узброеных нагрэтымі дачырвана віламі. Клянуся, ды гэта-ж безгаловы! Гэта ён!