Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/242

Гэта старонка не была вычытаная

Стары паляўнічы не памыліўся. Насустрач яму імчаўся коннік без галавы.

У межах Техаса наўрад ці можна было знайсці больш адважнага чалавека, чым стары паляўнічы. Выклік любога кугуара, ягуара, мядзведзя, буйвала або чырвонаскурага індзейца ён сустракаў без ніякага страху. Але нават цэлае полчышча каманчаў не выклікала-б у ім таго жаху, які адчуў Зеб, убачыўшы гэтага конніка.

Загартаваны ў абстаноўцы дзікай прыроды, верны вучань гэтага мудрага настаўніка, Зеб Стумп, як ні дзіўна, не быў пазбаўлены некаторых забабонаў.

Ён не толькі спалохаўся — ён увесь дрыжэў ад жаху і шукаў прытулку, каб схавацца.

Зараснікі кустоў, якія знаходзіліся непадалёку, далі яму прытулак сярод сваёй зелені. Асядланая кабыла, якая стаяла паблізу, магла выдаць яго. Але Зеб прадугледзеў і гэта.

— Кладзіся! — крыкнуў ён, звяртаючыся да свайго чацвераногага таварыша, які вельмі добра разумеў яго. — На зямлю, хутка, а то, глядзі, правалішся на той свет!

Спалоханая трывожным голасам свайго гаспадара, кабыла адразу-ж апусцілася на пярэднія калені, а затым, падабраўшы заднія ногі, лягла на траве, нібы размясціўшыся на адпачынак.

Ледзь толькі Зеб і яго конь паспелі схавацца, як міма іх праімчаўся галопам таямнічы наезнік.

Ён імчаўся з усіх сіл і, як відаць, не збіраўся спыняцца, чаму Зеб быў вельмі рад.

Зеб, стоячы на каленях, напружана сачыў за ім са сваёй засады.

Калі конь параўняўся з кустамі, дзе схаваўся Зеб, у конніка ветрам аднесла ўбок палу серапэ. Пад ім паляўнічы ўбачыў добра знаёмы яму касцюм. Гэта была блуза з блакітнай баваўнянай тканіны са складкамі на грудзях. На яркім фоне яе рэзка выдзялялася цёмная пляма запёкшайся крыві.

Зеб Стумп задумаўся. Конь, сядло, паласатае серапэ, нябесна-блакітная блуза і такія самыя штаны, нават капялюш на галаве — усё гэта было знаёма яму.

Стары паляўнічы не зрабіў ніякай спробы спыніць словам або рухам конніка, які аддаляўся, ён зразумеў цяпер, кім быў гэты жудасны наезнік.

— Іосафат! Дык гэта праўда… Бедны юнак! Забіты!


Раздзел LXXVI

ЗГУБЛЕНЫ Ў КРЭЙДАВАЙ ПРЭРЫІ

Доўга сачыў Зеб Стумп са сваёй засады за аддаляючымся коннікам. І толькі тады, калі коннік знік з вачэй, схаваўшыся за гайком акацый, стары паляўнічы падняўся на ногі і выпрастаўся ва ўвесь свой рост.