Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/243

Гэта старонка не была вычытаная

Гэты эпізод, дзіўны і нечаканы, зблытаў яго думкі. Ці трэба ісці далей па следу зламанай падковы, ці пакінуць яго, з тым каб прасачыць шлях праімчаўшагася міма каня?

Павярнуўшыся тварам да таго месца, адкуль паднялося воблачка дыму, паляўнічы заўважыў нешта такое, што зноў прымусіла яго схавацца пад зеленню акацый.

На гэты раз Зеб убачыў чалавека на кані, сапраўднага конніка з галавой на плячах.

Коннік сядзеў, перагнуўшыся наперад, і прагна ўглядаўся ў сцежку, па якой накіроўваў свайго каня.

Няцяжка было вызначыць, чым ён быў заняты: невядомы шукаў след конніка без галавы.

— Ах, вось яно што! — прашаптаў Зеб. — Не мне аднаму хочацца разгадаць гэтую таямніцу. Каму-ж яшчэ?

Зебу нядоўга давялося мучыцца ў здагадках. Коннік ехаў трушком і неўзабаве пад‘ехаў настолькі блізка, што паляўнічы лёгка мог яго разгледзець.

— Іосафат! — прамармытаў Зеб. — Я павінен быў-бы здагадацца аб гэтым раней. І калі я не памыляюся, то тут пачынаецца новы раздзел той-жа кнігі, яшчэ адно звяно, якое дапаможа мне аднавіць увесь ланцуг доказаў. Ляжы смірна, жывёлінка! Калі ты толькі пачнеш варушыцца, я перарэжу табе горла!

Пасля гэтага звароту да кабылы Зеб сціх, схаваўшы галаву сярод зелені акацый, і ўважліва пачаў сачыць вачыма за набліжаўшымся коннікам.

Гэта быў Касій Кольхаун.

Старога паляўнічага не палохала сустрэча з капітанам, хоць той і быў узброены. Зеб аставаўся ў цені дрэў для таго, каб лепш бачыць, што адбывалася перад ім на адкрытай паляне.

Кольхаун праехаў міма, уважліва ўглядаючыся ў след коннніка без галавы.

Зеб Стумп праводзіў яго позіркам да таго часу, пакуль той-жа гаёк, які схаваў першага конніка, не загарадзіў сабою і капітана.

* * *

Зеб Стумп і раней збіраўся ехаць па следу конніка без галавы. Цяпер гэта яшчэ больш патрэбна было зрабіць.

Пасля кароткага раздум‘я, рашэнне было прынята.

Прыгатаванні былі нескладаныя: Зеб узяў у рукі павады і штурхнуў у бок сваю старую кабылу, што і прымусіла яе адразу-ж падняцца.

Паляўнічы вышаў з зараснікаў акацый і рушыў па сцежцы, па якой толькі што праехаў Касій Кольхаун.

Аб‘ехаўшы гаёк акацый, за які схаваліся абодва коннікі, паляўнічы выявіў, што далей рассцілаецца крэйдавая прэрыя, па якой праехаў толькі адзін коннік — той, у якога не было галавы.