Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/245

Гэта старонка не была вычытаная

сустракаць такіх заблытаных слядоў. Які з іх я павінен прасачыць першым? Калі я пайду за тымі двума, то мне ўжо загадзя вядома, куды яны прывядуць. Яны павінны прывесці да лужыны крыві. Давай паспрабуем трэці і паглядзім, куды ён ідзе. Направа, старэнькая, і трымайся блізка ад мяне, а то ты згубішся і кайоты пажывяцца тваім салам!

Пасля гэтага звароту да худой кабылы паляўнічы павярнуў па следу трэцяга каня.

След ішоў па ўзлеску зараснікаў, да якога яго толькі што прывялі ўсе тры сляды, якія перапляталіся.

Наперадзе была ўжо добра вядомая чытачу шырокая прасека ў выглядзе алеі. След паламанай падковы адыходзіў убок і заварочваў у гушчар. Тут, на адлегласці якіх-небудзь пяцідзесяці крокаў ад краю лесу, Зеб знайшоў месца, дзе конь быў прывязаны да дрэва. Зеб убачыў, што жывёла не ішла далей; адсюль-жа ішоў і след назад у прэрыю, хоць і не па той-жа сцежцы.

Сядок каня з паламанай падковай адправіўся ў глыбіню зараснікаў пехатою. Сляды чалавечых ног былі выразна відаць на вязкай глебе, каля абмялеўшай крыніцы, ля якой і быў прывязаны конь.

Пакінуўшы сваю старую кабылу ў гэтай-жа «стайні», паляўнічы пайшоў адзін па слядах чалавека.

Хутка ён знайшоў, што было два такіх сляды: адзін ішоў наперад, другі вёў назад. Зеб пайшоў па першым. Ён ніколькі не быў здзіўлены, калі выявіў, што гэты след вывеў яго на алею, непадалёку ад месца, дзе была лужына крыві. Цяпер вось яе ўжо не было — кроў даўно вылізалі кайоты.

На шляху сваіх пошукаў Зебу ўдалося зрабіць вельмі цікавае адкрыццё. У гушчары гэтых зараснікаў ён заўважыў месца, дзе, як відаць, досыць доўга прастаяў чалавек. Травы там не было, і рыхлая зямля была зусім утрамбавана, мяркуючы па ўсім, падэшвай бота або чаравіка.

Адбіткі гэтай-жа падэшвы вялі адсюль да лужыны крыві; адзін след ішоў туды, другі, такі самы, назад. А на галіне дрэва паміж гэтымі двума знамянальнымі месцамі Зеб знайшоў тое, чаго не ўдалося выявіць ні шматлікім разведчыкам, ні самому важаку следапытаў — Спэнглеру. Гэта быў кавалачак паперы, пачарнелы і напалову абгарэлы, як відаць скарыстаны як пыж для патрона. Ён прыклеіўся да галіны локуставага дрэва, зачапіўшыся за адзін з шыпоў.

Стары паляўнічы зняў яго з калючкі, — як відаць, вецер занёс яго туды, — і разгладзіў на сваёй вялізнай грубай далоні. На пакамечанай паверхні паперы красавалася добра вядомае імя, ініцыяламі якога, уключаючы і чын, былі тры літары: «К. К. К.»