Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/246

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел LXXVII

ДРУГОЕ ЗВЯНО

Не столькі здзіўленне, колькі задаваленне адлюстравалася на твары Зеба, калі ён вывучаў гэты цікавы дакумент.

— Гэта кавалачак канверта, — прамармытаў Зеб Стумп. — Ён гаворыць аб шмат чым; наўрад ці можна было больш даведацца з самага пісьма. Скарыстаны ў якасці пыжа. Ну што-ж, няхай цяпер ведае, як ужываць усякі хлам замест належнага для гэтай мэты кавалачка прамасленай аленяй скуры. Надпіс зроблен жаночай рукой, — прадаўжаў ён, зноў прыглядаючыся да паперкі. — Гэта нічога не азначае. Адрасавана-ж яму, значыцца, яму і належыць. Варта захаваць!

Пры гэтых словах стары паляўнічы выняў скураны кісет, дзе захоўвалася яго зажыгалка, і асцярожна схаваў туды кавалачак знойдзенай паперкі.

— Ну што-ж, браціна Зебулон Стумп, — зноў загаварыў сам з сабою Зеб, — падобна да таго, што табе ўдасца досыць добра разабрацца ў гэтай таямнічай блытаніне. Сёе-тое астаецца яшчэ няясным, сям-там абрываюцца ніці, але гэта нічога. Чалавек, які быў забіты, хто-б ён ні быў, быў на месцы, дзе разліта лужына крыві. Чалавек-жа, які забіў, таксама ўсёроўна, аб кім-бы не ішла гутарка, стаяў за локуставым дрэвам. Калі-б не напсавала кампанія гэтых малакасосаў, мне ўдалося-б яшчэ сёе-тое дадаць. Цяпер-жа нічога не зробіш — сляды бязлітасна затаптаны. Далей ісці ў гэтым напрамку няма сэнсу. Лепш за ўсё будзе цяпер пайсці па следу назад, калі гэта толькі магчыма, і даведацца, куды гэта конь з паламанай падковай адвёз свайго седака пасля палявання. Таму, стары Стумп, вам давядзецца накіравацца па сляду ботаў, які вядзе назад.

І стары паляўнічы пайшоў шукаць шлях назад злачынцы. Толькі ў адным або двух месцах можна было сяк-так адрозніць адбіткі чалавечай нагі. Але Зеб паспеў ужо раней заўважыць, што чалавек, які пакінуў гэты след, нарэшце-ж вярнуўся да месца, дзе быў прывязаны конь.

Зеб рашыў на час пакінуць след пешахода. Ён павярнуў назад і вышаў на вялікую палянку. Там яму хацелася зрабіць сякія-такія дадатковыя назіранні.

Неўзабаве Зеб Стумп заўважыў выразныя сляды, але ўжо зусім іншага характару. Гэта была добра пратаптаная сцежка, якая падыходзіла да аднаго боку палянкі і выходзіла з другога яе боку. Зебу было ясна, што гэта — звярыная сцежка.

Зеб павярнуўся ўжо, каб пайсці з паляны, але пасля зноў спыніўся.

— Чорт ведае як крыўдна пакідаць гэты след, але ў мяне мала часу. Чорт пабяры, усё-ж трэба паспрабаваць прайсці хоць крыху. Няхай старая кабыла пачакае, пакуль я вярнуся.