Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/248

Гэта старонка не была вычытаная

Раптам пачуўся тупат капытоў. т Кольхаун убачыў конніцу — Ісідору Каварубіо дэ Лос-Ланос.

Ісідора ведала, што Кольхаун закаханы ў жанчыну, якую яна ненавідзела. Кольхаун ведаў, што Ісідора закахана ў чалавека, якога ён не толькі ненавідзеў, але рашыў загубіць. Абое яны, напэўна, былі не супроць унікнуць гэтай сустрэчы. Ісідора абмежавалася-б кіўком галавы, праязджаючы міма, менш увагі цяжка было-б праявіць. І ён, напэўна, зрабіў-бы тое самае. Аднак, нечакана Кольхауну ўспала думка, якая зусім змяніла яго намеры.

Ён нацягнуў павады свайго каня, загарадзіў дарогу маладой мексіканцы, зняў шапку і, ветліва пакланіўшыся, пачаў з ёй размаўляць.

Рабіць не было чаго — Ісідоры давялося падначаліцца.

— Даруйце мне, сен‘ёрыта, — сказаў Кольхаун. — Я ведаю, што вельмі бястактна спыняць вас такім спосабам, і асабліва мне, на жаль зусім чужому дая вас чалавеку.

— Калі ласка, не прасіце прабачэння, сен‘ёр. Калі я не памыляюся, то мы з вамі ўжо сустракаліся — у прэрыі каля Нуэсес.

— Так, так, правільна, — сказаў Кольхаун, запінаючыся, зусім не жадаючы, каб аб гэтым успаміналі. — Мне з вамі хацелася пагаварыць не аб гэтым, аб тым, што было пасля таго, як вы галапіравалі па краю абрыва. Мы ўсе былі здзіўлены вашым раптоўным знікненнем. Я думаў, што ў вас, напэўна, былі свае меркаванні, з прычыны якіх вы не спусціліся да нас. Нас усіх вельмі здзівіла ваша надзвычайнае майстэрства ездзіць конна. І які ў вас конь! Здавалася, што ён проста слізгаў, а не галапіраваў. Калі я не памыляюся, вы і цяпер на ім. Даруйце мне, што пытаюся ў вас пра такое глупства.

— Дайце ўспомніць… я езджу на многіх. Так, мне здаецца, што іменна на гэтым я была ў той дзень. Так, так, правільна. Я ўспамінаю, як ён здрадзіў мне.

— Здрадзіў вам? Якім чынам?

— Ён зрабіў гэта двойчы. Першы раз, калі набліжаўся ваш атрад. Другі раз, калі індзейцы, — божа мой, не індзейцы, як пасля мне сказалі! — падкрадваліся праз зараснікі.

— Але ў чым-жа ён вам здрадзіў?

— Ён заірзаў. Добра трэніраваны конь ніколі гэтага не зробіць. Ну, нічога. Як толькі я вярнуся на Рыо-Грандэ, я яго там кіну. Няхай вяртаецца на пашу.

— Што вы, сен‘ёрыта! Магчыма, мне няварта было вам гэтага гаварыць, толькі, па-мойму, гэта вельмі несправядліва.

— Што несправядліва?

— З-за глупства адмовіцца ад такога надзвычайнага каня. Я даў-бы многа, каб уладаць ім.

— Вы жартуеце, кавальеро! Ён нічога асаблівага сабою не ўяўляе. Магчыма, толькі крыху прыгажэйшы і быстрэйшы за звычайнага каня. У майго бацькі пяць тысяч падобных да яго,