Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/249

Гэта старонка не была вычытаная

і многія з іх прыгажэйшыя і, несумненна, быстрэйшыя за яго. Ён, праўда, вынослівы і добры для вялікіх пераездаў, таму я і еду на ім цяпер. Я па дарозе ў Рыо-Грандэ. Калі-б не гэта, я з прыемнасцю аддала-б яго вам або любому, хто праявіў-бы такое-ж гарачае жаданне ўладаць маім канём.

— Даруйце мне, сен‘ёрыта, — сказаў Кольхаун, прымаючы дзелавы выгляд, але з некаторай нерашучасцю ў голасе. — Калі вы так расцэньваеце вашага шэрага мустанга, то я рад памяняцца з вамі. Мой конь не такі прыгожы, як ваш, але я магу вам смела абяцаць, што ён шчасліва давязе вас дадому і добра будзе служыць вам і надалей.

— Што вы, сён‘ёр! — усклікнула Ісідора, не захоўваючы свайго здзіўлення. — Памяняць вашага надзвычайнага амерыканскага каня на мексіканскага мустанга? Гэта занадта велікадушная прапанова і гучыць проста як жарт. Ці ведаеце вы, што на Рыо-Грандэ за аднаго вашага каня дадуць тры, а то і шэсць мустангаў?

Кольхаун ведаў гэта вельмі добра. Але ў той-жа час ён разумеў і тое, што мустанг Ісідоры яму больш патрэбен як некалькі дзесяткаў такіх біцюгоў, як яго. Ён сам быў сведкай хуткасці гэтага пітомца прэрый. І не толькі свайго непаваротлівага каня — любую суму грошай у прыдатак гатоў быў аддаць за мустанга Ісідоры капітан.

— Калі вы гаворыце сур‘ёзна, сен‘ёр, — прадаўжала Ісідора, — то, калі ласка, я нічога не маю супроць такой мены.

— Я гавару зусім сур‘ёзна, сен‘ёрыта.

— Тады бярыце яго, — сказала яна, саскокваючы з сядла і пачынаючы расшпільваць папругу. — Сёдламі нельга нам абмяняцца: ваша будзе занадта вялікае для мяне.

Кольхаун быў такі шчаслівы, што не знаходзіў слоў для ўдзячнасці. Ён паспяшаўся дапамагчы дзяўчыне зняць сядло. Пасля гэтага ён зняў і сваё.

Не прайшло і пяці хвілін, як мена коньмі была скончана. Сёдлы і аброць асталіся ранейшыя.

Ісідоры ўсё гэта здалося вельмі забаўным. Яна ледзь стрымлівалася ад смеху.

У Кольхауна-ж да гэтай справы былі зусім іншыя адносіны. Перад ім была сур‘ёзнейшая мэта. Без асаблівых размоў, сказаўшы толькі звычайнае «бывайце», яны рассталіся. Ісідора паехала на амерыканскім кані, а капітан прадаўжаў свой шлях да гасіенды Каса-дэль-Карво на шэрым мустангу.


Раздзел LXXIX

НЯСТОМНЫ СЛЕДАПЫТ

Зеб хутка вярнуўся да месца, дзе была прывязана яго кабыла. Тапаграфія лясных зараснікаў была яму добра знаёма, і ён выбраў кароткую дарогу.