Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/252

Гэта старонка не была вычытаная

Трэба было выбраць больш блізкі назіральны пост. Зеб прасоўваўся з вялікай асцярожнасцю. Месца было зусім адкрытае. Паляўнічы ішоў крадучыся, то хутка, то зусім павольна, часамі прыгінаючыся да зямлі.

Сонца ўжо зусім зайшло, калі Зеб дасягнуў мэты свайго падарожжа. Ён спыніўся прыблізна на адлегласці двухсот ярдаў ад гасіенды. Тут рос невялікі куст. Расцягнуўшыся пад ім, Зеб пачаў сачыць за варотамі Каса-дэль-Карво.

* * *

На працягу ўсёй ночы стары паляўнічы ні разу не заплюшчыў двух вачэй адразу. Адно вока было ўвесь час на варце.

Ледзь чутныя спевы і час ад часу ўзрывы смеху даляталі з памяшкання нявольнікаў. Аднак, гэтыя гукі былі больш стрыманымі, чым звычайна, і не суправаджаліся ні меладычнымі напевамі скрыпкі, ні ігрывым акампанементам банджо, такімі характэрнымі для вячэрніх гулянак неграў. Змрочная цішыня вялікага дома не магла не падзейнічаць на настрой нявольнікаў.

Каля паўночы галасы змоўклі, і поўная цішыня запанавала навакол. І толькі час ад часу чуўся брэх брадзячага сабакі, які адгукваўся на нуднае выццё кайотаў.

Зеб правёў вельмі стамляльны дзень і цяпер з вялікай цяжкасцю стрымліваўся, каб не заснуць. Адзін раз, калі яго пачало моцна хіліць да сну, ён усхапіўся на ногі. Разы са два прайшоўся па траве. Затым зноў лёг і, схаваўшы галаву пад куст, пачаў курыць.

Усю ноч ён не зводзіў вачэй з вялікіх варот гасіенды.

Сонечны ўсход, як раней сонечны захад, прымусіў паляўнічага зноў перамяніць назіральны пункт.

Ледзь толькі пяшчотныя фарбы золаку паказаліся над гарызонтам, Зеб ціхенька ўстаў, накінуў на сябе коўдру і, павярнуўшыся спіною да Каса-дэль-Карво, павольна пайшоў. Ён ішоў той-жа сцежкай, якой прышоў сюды напярэдадні вечарам.

На сваім шляху, Зеб нідзе не спыняўся, пакуль не прышоў да локуставага дрэва, дзе ўчора павячэраў. Тут, размясціўшыся ў той-жа позе, ён пачаў снедаць.

Другая палова кукурузнай лусты хлеба і рэшткі мяса хутка зніклі. За імі пайшлі і рэшткі віскі з фалягі.

Зеб напхаў люльку і ўжо збіраўся было запаліць яе, як раптам хутка паклаў зажыгалку ў кісет.

Вароты Каса-дэль-Карво адчыніліся. І у іх паказаўся коннік. Ён быў на невялікім шэрым кані. Як толькі ён выехаў, вароты адразу-ж зачыніліся за ім.

Зеб Стумп паспяшаўся да сваёй кабылы, хутка асядлаў яе і давёў у такое месца зараснікаў, адкуль можна было-б назіраць, астаючыся незаўважаным. Зрабіўшы гэтыя прыгатаванні, стары паляўнічы пачаў чакаць набліжэння конніка. Ён ведаў, што гэта быў капітан Касій Кольхаун. Зеб чакаў да таго часу, пакуль