Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/253

Гэта старонка не была вычытаная

капітан не перасек паласы лясных зараснікаў і не схаваўся ў прэрыі.

Толькі тады Зеб Стумп сеў у сядло і пагнаў кабылу.

Ён ехаў за Касіем Кольхаунам.

Пакрытая расою трава была для старога следапыта чыстым лістам, а сляды шэрага мустанга — шрыфтом, такім-жа ясным, як радкі надрукаванай кнігі.


Раздзел LXXXI

ПАНІЧНЫЯ ЎЦЁКІ

Касій Кольхаун выехаў у прэрыю, не падазраючы, што яго бачыў хто-небудзь, апрача Плутона, які асядлаў яму шэрага мустанга. Выбраўшыся з зараснікаў, Кольхаун хуткім трушком накіраваўся да берагоў Нуэсес.

Не гледзячы на тое, што яго конь бег з хуткасцю цехаскага аленя, Кольхаун далёка не быў упэўнены ў поспеху. Вельмі магчыма, што коннік без галавы не трапіць яму сёння на вочы. Было адно месца, дзе ён ужо двойчы сустрэў яго. Магчыма, яму пашанцуе і яшчэ раз.

Гэта было на адкрытай паляне, недалёка ад месца, дзе, як меркавалі, адбылося забойства. Тут-жа паблізу была і шырокая прасека.

«Як дзіўна, што ён заўсёды вяртаецца туды, — думаў Кольхаун. — Нібы і сапраўды ён выбірае шлях. Між іншым, гэтыя месцы выбірае конь, таму што трава тут смачнейшая. Ну, што-ж, будзем спадзявацца, што і сёння я сустрэну яго. Калі не, мне астаецца заехаць у зараснікі і павесіцца. А чаго мне, уласна, баяцца, паколькі мустангер шчасліва сядзіць у турме? Якія доказы? Адзін толькі кавалачак свінца. Але яго я павінен дастаць, калі-б мне і давялося загнаць каня да смерці».

— Сілы нябесныя! Што-ж гэта там такое?

Апошнія словы Кольхаун сказаў уголас і ў страху нацягнуў павады, так што яго мустанг ледзь не стаў дыба.

Сонца паказалася над гарызонтам прэрыі, яно стаяла за спіною конніка. Перад ім па краю неба распасцерлася паласа ліловага туману — гэта былі выпарэнні, якія ўздымаліся ад лясных зараснікаў, размешчаных непадалёку. Дрэў не было відаць, яны былі ўсе захаваны пад лёгкай заслонай, нібы за фіранкай з бэзавага газу.

На фоне гэтай заслоны або за ёю з‘явілася рухомая фігура, настолькі дзіўная, што магла паказацца зусім непраўдападобнай таму, хто ніколі не бачыў яе раней. Гэта быў коннік без галавы.

Але ў такім выглядзе яшчэ ніхто і ніколі яго не бачыў, не выключаючы і Кольхауна. Не! Цяпер коннік выглядаў зусім інакш. Па сваіх абрысах ён быў тым-жа, але па размеры ён быў у дзесяць разоў большы.