Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/254

Гэта старонка не была вычытаная

Гэта быў ужо не чалавек, а велікан. І не конь, а жывёліна з абрысамі каня, але вышынёю з вежу.

І гэта яшчэ не ўсё. У яго абліччы адбылася яшчэ большая перамена. Перамена яшчэ больш невытлумачальная, калі тут наогул было магчыма што-небудзь зразумець. Ён ехаў ужо не па зямлі, а па небе. Прычым і конь і чалавек былі перавернуты дагары нагамі. Капыты каня былі выразна відаць на верхнім краі пеляны, а плечы конніка амаль дакраналіся да лініі гарызонта. Серапэ, накінутае на плечы конніка, не спадала з іх, наперакор закону цягацення. Таксама незразумелым чынам трымаліся ў паветры і павады і доўгі хвост каня.

Гэта страшэнная здань рухалася памалу, ціхім крокам. Кольхаун глядзеў на яе, здрантвеўшы ад жаху.

Але вось пачуўся лёгкі ўдар капыта па траве прэрыі. Кольхаун зразумеў, што перад ім — сапраўды коннік, калі толькі можна назваць сапраўдным конніка, ад якога паў такі страшэнны цень.

— Гэта міраж! — усклікнуў капітан. — Якім-жа дурнем я быў, што паддаўся такому ашуканству! Вось ён, вінавайца майго перапалоху! А я-ж толькі яго і шукаю. І так блізка! Ну, а цяпер — наўздагон! І няхай мне давядзецца ехаць хоць на край Техаса, але я даганю яго.

* * *

Па шырокім раздоллі прэрыі на злом галавы імчацца два коннікі. Пад кожным з іх быстраногі мустанг. Пад адным — гнеды, пад другім — шэры. Адзін коннік гоніцца за другім. Той, за кім гоняцца, — без галавы. А той, хто гоніцца, — з галавой; у гэтай галаве зарадзілася вар‘яцкае рашэнне.

* * *

Пагоня прадаўжалася нядоўга. Кольхаун ужо загадзя радаваўся перамозе. Ясна было, што шэры мустанг выігрывае адлегласць у гнедага. Кольхаун падняў ужо стрэльбу — ён хацеў застрэліць каня і гэтым пакласці канец пагоні.

Калі-б ён не баяўся прамахнуцца, ён-бы адразу і стрэліў. Але пакуль ён хістаўся, гнеды з коннікам без галавы крута павярнуў ў зараснікі.

Гэтага капітан не чакаў. Давялося зноў аднавіць пагоню.

Яшчэ раз Кольхауну ўдалося дагнать страшнага конніка, і настолькі блізка, што раздутыя ноздры шэрага мустанга амаль дакраналіся да выцягнутага хваста гнедага. Стрэльба была ўжо напагатове ў левай руцэ капітана, палец правай рукі ляжаў на спуску. Ён толькі выбіраў месца, куды лепш прыцэліцца.

Яшчэ момант, і куля прабіла-б імчаўшагася наперадзе каня, але апошні, нібы адчуўшы небяспеку, зрабіў быстры прыжок