Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/255

Гэта старонка не была вычытаная

убок і, адразу-ж брыкнуўшы ў морду задняга мустанга, паімчаўся ўбок.

Шэры мустанг спыніўся, і толькі вострая шпора прымусіла яго падначаліцца і зноў паімчацца галопам.

Кольхаун траціў апошнія рэшткі цярплівасці. Ён заўважыў, што гнеды накіроўваўся ў самы гушчар зараснікаў. Паляванне зноў магло скончыцца нічым. У роспачы Кольхаун зноў схапіўся за стрэльбу.

Коннік без галавы ўжо напалову схаваўся ў густой зелені. Капітан прыцэліўся ўслед уцякаўшаму гнедаму. Дым заклубіўся з дула стрэльбы. Пачуўся стрэл, і нейкі цёмны прадмет глуха зваліўся на зямлю, падскочыў і пакаціўся проста пад ногі каню Кольхауна.

Шэры мустанг захроп і пачаў падавацца назад. Коннік дзіка закрычаў: унізе, на траве, ляжала галава чалавека. На ёй усё яшчэ моцна трымаўся капялюш з цвёрдымі круглымі палямі.

Твар быў звернуты проста на Кольхауна, мярцвяцка-бледны, запэцканы крывёю, зморшчаны. Вочы былі адкрытыя, але яны глядзелі, як два шкляныя шары: халодныя, нежывыя, жудасныя. Белыя зубы блішчэлі між пасінелымі губамі.

Касій Кольхаун глядзеў на яе з жахам.

Нядоўга прадаўжалася гэтая вочная стаўка. Перш чым галава, падтрымліваемая палямі капелюша, перастала качацца ў мяккай траве, Кольхаун павярнуў каня, глыбока ўсадзіўшы яму ў бакі шпоры, і паімчаўся шалёным галопам.

Больш ён не гнаўся за коннікам без галавы, усё яшчэ прабіваўшаму сабе дарогу сярод зараснікаў, Кольхаун імчаўся назад у Каса-дэль-Карво.


Раздзел LXXXII

ДЗІЎНЫ СКРУТАК

Стары паляўнічы, выбраўшыся з зараснікаў, не спяшаючыся ішоў па следу капітана. На твары яго можна было прачытаць нецярплівасць і трывогу.

Прасоўваючыся памалу і насцярожана, Зеб, нарэшце, прыехаў на тое месца, дзе капітан сустрэўся з коннікам без галавы.

— Значыцца, гэтаму нягодніку ўсё-такі ўдалося знайсці яго, — сказаў Зеб, углядаючыся ў след. — Але гэта яшчэ не азначае, што капітану ўдалося злавіць конніка. Але чаго-ж я стаю тут, як дурань? Ці можна цяпер траціць час! Калі толькі Кольхаун дагнаў конніка без галавы і дастаў ад яго тое, што яму патрэбна, тады шукай ветру ў полі — мне нічога не ўдасца зрабіць. Трэба спяшацца! Паехалі, мая старэнькая! Пастарайся дагнаць таго шэрага каня, які прабег тут поўгадзіны таму назад.