Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/256

Гэта старонка не была вычытаная

Пакажы мне цяпер, што ты ўмееш бегаць не горш за іх. Ну, пайшлі!

Стары паляўнічы ўдарыў у бок кабылу сваёй адзінай шпорай, і конь пабег трушком. Большай хуткасці ад яго пакуль і не патрабавалася. Зеб ехаў па-ранейшаму асцярожна і зорка глядзеў наперад.

— Мяркуючы па тым, як накіроўваецца яго след, — разважаў стары паляўнічы, — я магу вызначыць досыць дакладна, куды ён выйдзе. Усе дарогі як быццам там зыходзяцца. Гэтай-жа дарогай ехаў і небарака, якому не давялося вярнуцца назад. Ну, што-ж зробіш! Калі нельга яму вярнуць жыццё, то трэба адплаціць таму нягодніку, які забраў яго. Стой! Вось і ён! А вунь і коннік без галавы! Іосафат! Імчацца ва ўвесь кар‘ер. Клянуся, што шэры мустанг можа дагнаць гнедага. Яны не сюды едуць, нам з табою не трэба хавацца. Стой, спакойна! Бегчы цяпер нельга, інакш нас заўважаць. Не бойся! Ён занадта заняты сваёй гульнёй і нічога не бачыць, апрача таго, што проста перад ім. Так. Я гэтага і чакаў — проста ў прасеку. Ну, мая кабылка, паехалі далей!

Зеб Стумп, не спускаючы вачэй з прасекі, пад‘ехаў да зараснікаў.

Стрэл не надта здзівіў Зеба. Наадварот, ён чакаў яго з таго самага моманту, як заўважыў пагоню.

Здзівіўся стары паляўнічы пазней — калі ўбачыў, што Кольхаун у жаху імчыцца назад.

— Чорт пабяры! — прамармытаў Зеб. — Як усё гэта дзіўна! Там штосьці між імі адбылося. Ха-ха-ха! Уцякае, нібы за ім гоніцца нячыстая сіла! Магчыма, яны перамяніліся ролямі і цяпер безгаловы гоніцца за капітанам? Падобна да гэтага. Бадай, я афяраваў-бы срэбраны долар, каб палюбавацца на такое відовішча. Ха-ха-ха!

Паляўнічы злез з сядла і разам з кабылай схаваўся сярод зараснікаў, каб іх не заўважыў коннік, які выратоўваўся ўцёкамі.

Але Кольхаун імчаўся з такой хуткасцю і з такім збянтэжаным выглядам, што наўрад ці заўважыў-бы Зеба, нават калі-б той стаяў перад ім на адкрытым месцы.

«Іосафат! — усклікнуў у думках паляўнічы, як толькі ўбачыў скажоны жудасцю твар капітана. — Калі нячыстая сіла і не гоніцца за ім, то, напэўна, яна ў яго нутры. Я яшчэ ў жыцці не бачыў такой страшнай фізіяноміі. Загадзя шкадую жанчыну, якая будзе яго жонкай. Бедная міс Пойндэкстэр! Спадзяюся, што ёй удасца адкруціцца і яна не будзе мець мужам такога бандыта. У чым-жа ўсё-такі справа? Штосьці нікога не відаць, а ён усё яшчэ прадаўжае ўцякаць. Куды гэта ён цяпер накіроўваецца? Трэба будзе прасачыць».

— А, назад дадому! — усклікнуў Зеб, вышаўшы на ўзлесак зараснікаў і ўбачыўшы, што Кольхаун прадаўжае ехаць гало-