Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/257

Гэта старонка не была вычытаная

пам у напрамку да гасіенды Каса-дэль-Карво. — Назад дадому, гэта ўжо напэўна! Цяпер, старэнькая, — прадаўжаў Зеб, калі шэры конь знік з вачэй, — мы з табой паедзем і даведаемся, дзеля чаго там стралялі.

Праз дзесяць хвілін пасля гэтага Зеб злез з кабылы і падняў з зямлі прадмет, да якога без уздрыгу і агіды наўрад ці мог-бы дакрануцца нават самы жорсткі чалавек. Але ў старога паляўнічага не было гэтага пачуцця. Ён асцярожна падняў галаву мерцвяка. Не гледзячы на тое, што твар быў скажоны смерцю, запэцканы крывёю, зморшчыўся, ён пазнаў у ім дарагія яму рысы нявінна загінуўшага юнака.

Зеб паспрабаваў зняць капялюш з галавы мерцвяка, але, не гледзячы на ўсе намаганні, яму гэта не ўдалося зрабіць: галава так распухла, што істужка, завязаная на абадку капелюша, гатова была трэснуць!

— Божа мой! Божа мой! — праказаў, нарэшце, паляўнічы. — Што за падарунак бацьку! Не трэба яе браць адсюль. Трэба пахаваць тут і нікому ні слова не гаварыць. Не, гэтага нельга рабіць: яна патрэбна будзе суду як сведка.

Сказаўшы гэта, Зеб расхінуў сваю старую байкавую коўдру і схаваў у яе галаву; пасля, павесіўшы гэты дзіўны скрутак на луку сядла, сеў на сваю кабылку і паехаў назад у сетлмент.


Раздзел LXXXIII

АХОЎНІКІ ЗАКОНА

На трэці дзень пасля таго, як Морыс Джэральд трапіў у ваенную турму, у яго спала гарачка, і ён перастаў брэдзіць. На чацверты ён быў ужо амаль здаровы. На пяты дзень быў прызначан судовы разгляд.

У Техасе, дзе чалавека маглі асудзіць і павесіць на працягу дваццаці чатырох гадзін, такая спешка не магла здацца чымсьці незвычайным. Шматлікія ворагі зняволенага, згодна нейкіх сваіх меркаванняў, усяляк фарсіравалі падзеі, а яго сябры, якіх было значна менш, не мелі дастатковай сілы, каб ім супроцьдзейнічаць.

Большасць насельніцтва была на баку першай групы і патрабавала неадкладнага разгляду і пакарання злачынцы.

Гэтыя настроі атрымалі нечаканую падтрымку з боку. Атрымалася так, што акруговы суд рабіў у гэты час свой аб‘езд, і дні, зафіксіраваныя за фортам Індж, якраз супадалі з гэтым тэрмінам.

Такім чынам, зрабілася як быццам неўнікнёным, што справа Морыса Джэральда, разам з іншымі крымінальнымі справамі, павінна разбірацца іменна ў гэтыя дні, тым больш што ніхто і не прасіў аб адтэрміноўцы. Суд быў прызначаны на пятнаццатае чысло бягучага месяца.