Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/259

Гэта старонка не была вычытаная

сяць аднаго, наўрад ці каму-небудзь будзе ахвота абвінавачваць другога. Мне здаецца, што з рэгулятарамі ў мяне ўсё ўладжана як належыць. Нават Сэм Мэнлі як быццам дастаткова пераконаны. Яго сумненні рассеяліся, калі я расказаў, што чуў у тую ноч. Праклён!.. Але гэта справа мінулага. Яна была на спатканні, і з гэтым трэба прымірыцца. Але больш яна ніколі яго не сустрэне, гэта таксама правільна, хіба толькі на тым свеце. Што-ж, гэта будзе залежаць ад яе самой… Я не думаю, каб паміж імі было што-небудзь сур‘ёзнае. Яна не з такіх, не гледзячы на яе дзікія выхадкі. Магчыма, што гэта была толькі ўдзячнасць з яе боку. Не, не. З-за простай удзячнасці не ўстаюць з пасцелі сярод ночы, каб ісці на спатканне ў глуш саду! Яна кахае яго, яна кахае яго! Ну, і няхай кахае. Ён ніколі не будзе належаць ёй. Яна ніколі не ўбачыць яго, калі будзе і надалей упартай. Адно яе слова, і пятля зацягнецца на яго шыі. Яшчэ адна адмова, і тады я пакажу ім сваю ўладу. Не толькі скончыцца гэтая авантура з ірландцам, але яна-ж сама будзе вінавайцай яго пагібелі. Яна страціць яго, а таксама плантацыі, дом, неграў — усё іншае».

Так разважаў Кольхаун адзін у сваім пакоі.

* * *

— А, дзядзя Вудлі! Я хацеў вас бачыць.

Прыгнечаны, маўклівы, блукаў плантатар па карыдорах Каса-дэль-Карво. Ён увайшоў ў пакой свайго пляменніка выпадкова, без усякага пэўнага намеру.

— Ты хацеў бачыць мяне, Касій?

У тоне прыбітага горам старога гучэла нейкая прыніжаная пакорлівасць. Горды Пойндэкстэр, перад якім трапяталі дзвесце нявольнікаў, цяпер стаяў перад сваім уласным гаспадаром. Праўда, гэта ўлада належала яго пляменніку, сыну яго сястры, але ад гэтага яму не было лягчэй.

— Я хацеў з вамі пагаварыць адносна Лу, — адказаў Кольхаун.

Гэта была якраз тая тэма, якой Вудлі Пойндэкстэр усяляк унікаў. Ён баяўся нават думаць аб ёй, а тым больш яе абмяркоўваць.

Тон, якім Кольхаун пачаў гэтую размову, не абяцаў нічога добрага. У ім хутчэй гучэла патрабаванне, чым просьба.

— Адносна Лу? Што-ж іменна? — запытаў Вудлі з прытворным спакоем.

— Дык вось… — сказаў Кольхаун з некаторым хістаннем, як быццам не адважваючыся пачаць размову. — Я… я хацеў…

— Мне хацелася-б, — не чакаючы прадаўжэння, сказаў плантатар, — пакуль не гаварыць аб ёй.

Ён сказаў гэта амаль упрашальным голасам.

— Але чаму-ж, дзядзя? — запытаў ужо рашучым голасам Кольхаун, нездаволены супярэчаннем.