Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/261

Гэта старонка не была вычытаная

стэра зноў паправіліся. На сваёй радзіме Пойндэкстэр усё яшчэ прадаўжаў карыстацца пашанай суседзяў. Грашовая залежнасць ад пляменніка мала каму там была вядома. Толькі пасля пераезду ў Техас гэтая залежнасць лягла цяжарам на плантатара. Яго адносіны з пляменнікам абвастрыліся яшчэ мацней пасля некалькіх няўдачных спроб капітана заўладаць сэрцам непрыступнай Луізы.

Цяпер плантатар меў магчымасць бліжэй пазнаць характар пляменніка. З кожным днём з часу прыезду ў Каса-дэль-Карво яго расчараванне павялічвалася. Сварка Кольхауна з мустангерам і яе развязка не ўзмацнілі пашаны старога Пойндэкстэра да пляменніка, хоць яму як сваяку і давялося стаць на бок апошняга.

— Калі я цябе правільна разумею, Касій, ты гаворыш аб вяселлі. Не час думаць аб гэтым, калі ў доме жалоба. Калі аб гэтым даведаюцца ў сетлменце, там падымецца скандал.

— Вы памыляецеся, дзядзя. Я не думаю аб жаніцьбе. Я хачу сказаць: аб жаніцьбе ў бліжэйшы час… Мне толькі хацелася-б атрымаць нейкую ўпэўненасць, і я згодзен чакаць больш падыходзячага моманту.

— Я не разумею цябе, Касій.

— Я вам усё растлумачу. Выслухайце мяне.

— Гавары.

— Я хацеў сказаць наступнае. Я рашыў жаніцца. Вы ведаеце, што мне ўжо хутка трыццаць год. У гэтыя гады чалавеку надакучвае бадзяцца па свеце. Я страшэнна стаміўся ад гэтага і не маю намеру надалей аставацца бабылём. Я хачу, каб Луіза была маёй жонкай. Спяшацца з гэтым не трэба. Мне толькі хочацца заручыцца яе абяцаннем. І гэта абяцанне павінна быць ёю падпісана і засведчана пячаткаю, каб не асталося ніякіх няяснасцей. Калі ўляжацца гора аб страчаным браце, тады яшчэ хопіць часу пагаварыць аб вяселлі і аб усякіх такіх рэчах.

Слова «брат» у спалучэнні з гэтай «дзелавой» прамовай непрыемна здзівіла старога бацьку. Гордасць Вудлі Пойндэкстэра зноў прачнулася; ён быў страшэнна абураны.

Аднак, гэта пачуццё адразу ўляглося. З аднаго боку, яму ўявіліся плантацыі, рабы, багацце, становішча ў грамадстве, з другога — беднасць, якая здавалася пагібеллю. Але ўсё-ж ён не здаваўся.

З нерашучасцю ў голасе плантатар адказаў:

— Што-ж, Касій, трэба аддаць табе справядлівасць, ты дастаткова ясна растлумачыў, што табе патрэбна. Але я не заўважаў, каб мая дачка была асабліва прыхільнай да цябе. Ты хочаш, каб яна была тваёй жонкай. Ну, а якія ў яе намеры? Мне здаецца, што і з гэтым варта было-б лічыцца.

— Я думаю, дзядзя, што гэта ў вялікай меры будзе залежыць ад вас. Вы — бацька і можаце ўгаварыць яе.

— Я ў гэтым не ўпэўнены. Яна не з тых, каго можна пры-