Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/264

Гэта старонка не была вычытаная

касці, з якімі ён не можа справіцца. Ты прымушаеш мяне гаварыць пра рэчы, якіх табе зусім не трэба ведаць.

— О, няўжо? Ты памыляешся, Касій. Я ўсё ўжо ведаю. Мне вядома, што мой бацька ў даўгах і што грошы яму даваў ты. Як я магла не заўважыць гэтага? Тая ганарлівасць, з якой ты трымаешся ў нашым доме, тая фанабэрыстасць, якую ты ўвесь час праяўляеш, не саромячыся прысутнасці слуг, былі дастатковым доказам нават для іх, што ў нас у доме не ўсё добра. Ты — гаспадар Каса-дэль-Карво. Я ведаю гэта. Але нада мною ты не ўладар.

Кольхаун убачыў, што прыём яго няўдалы, і рашыў ударыць па іншых струнах.

— Так, гэта правільна! — адказаў ён з усмешкай. — Ну, што-ж, калі я не ўладар твайго сэрца, то ўсё-ж тваё шчасце ў маіх руках. Я ведаю гэтага нікчэмнага нягодніка, які прымусіў цябе адмовіць…

— Пра каго ты гаворыш?

— Ты не здагадваешся?

— Не. Магчыма, ты сябе называеш нікчэмным нягоднікам? Тады я зусім з табою згодна…

— Няхай так, — адказаў капітан, пачырванеўшы ад ярасці, але ўсё-ж яшчэ стрымліваючы сябе. — І паколькі ты лічыш мяне такой нікчэмнасцю, то наўрад ці пацярплю я ў тваіх вачах, калі раскажу, што я хачу з табою зрабіць.

— Зрабіць са мною? Ты занадта самаўпэўнены, Касій. Ты размаўляеш так, нібы я твая нявольніца. На шчасце, гэта не так.

Кольхаун, струсіўшы пад яе абураным позіркам, прамаўчаў.

— Цікава пачуць, — прадаўжала яна, — што гэта ты збіраешся зрабіць са мною?

— Я табе скажу.

— Ты мяне хочаш пусціць на ўсе чатыры бакі ў прэрыю або засадзіць у манастыр? Магчыма, у турму?

— Апошняе, напэўна, табе спадабалася-б больш за ўсё, — у тым выпадку, вядома, калі-б ты была ў прыемнай кампаніі з…

— Ну, гавары-ж, калі ласка, які мяне чакае лёс. Я згараю ад нецярплівасці, — сказала Луіза з насмешкай у голасе.

— Не спяшайся. Першую дзею ты ўбачыш заўтра.

— Так хутка? А дзе, ці можна даведацца?

— У судзе.

— Якім чынам?

— Вельмі проста: ты будзеш стаяць перад тварам суддзі і дванаццаці прысяжных.

— Вы задаволены сваёй дасціпнасцю, капітан Кольхаун? Але я павінна табе сказаць, што мне не падабаюцца твае жарты.

— Якія жарты? На заўтра прызначан судовы разгляд. Містэр Морыс Джэральд, або Мак-Свіні, або О‘Гогерні, — як-бы яго ні