Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/266

Гэта старонка не была вычытаная

— Подлы шпіён! Вон з маіх вачэй! У гэтую-ж хвіліну, а не то я, паклічу бацьку!

— Не турбуй сябе. Я не буду больш навязвацца, калі табе са мною так непрыемна. Абдумай усё як след. Магчыма, да таго, як прыдзе гадзіна суда, ты яшчэ зменіш сваё рашэнне. Калі так, то, спадзяюся, ты паведаміш мне своечасова, каб адмяніць выклік у суд. Спакойнай ночы, Лу. Я іду спаць з думкай аб табе.

З горкай усмешкай на губах Кольхаун пайшоў у свой пакой. Выгляд у яго быў далёка не радасны.

Луіза прыслухоўвалася, пакуль яго крокі не сціхлі ўдалечыні карыдора. Моцна прыціснуўшы рукі да грудзей, яна апусцілася ў крэсла. Страх мучыў яе цяпер больш, чым калі-небудзь.


Раздзел LXXXVI

ЦЕХАСКІ СУД

Вось ужо надышла раніца наступнага дня.

Зара, якая зачырванелася над саваннай Техаса, асвятліла сваімі пяшчотнымі праменнямі амерыканскі флаг над фортам Індж.

Разам з раніцай з усіх бакоў з‘явіліся коннікі, якія накіроўваліся да ваеннага пункта. Яны набліжаліся ўдваіх, утраіх, а іншы раз і па шэсць чалавек у групе. Людзі, якія сабраліся, — розных тыпаў і нацыянальнасцей, але большасць з іх — каланісты паўднёвых штатаў. Па прафесіі гэта, галоўным чынам, плантатары, хоць тут вы знойдзеце і жывёлаводаў, і паляўнічых, і гандляроў жывёлай, і ўсякіх іншых камерсантаў, аж да гандляроў нявольнікамі.

Тут-жа і юрысты, землямеры, спекулянты зямлёй і ўсякія іншыя дзялкі, гатовыя пусціцца на любую авантуру.

Іх касцюмы таксама разнастайныя, як і іх заняткі. Мы ўжо апісвалі іх вопратку. Гэта той самы натоўп, які збіраўся некалькі дзён таму назад у дварэ Каса-дэль-Карво, з той толькі розніцай, што цяпер ён больш шматлікі.

Праўда, трэба дадаць, што гэты сход адрозніваецца ад папярэдняга і яшчэ ў адных адносінах: на гэты раз прыехалі і жанчыны — жонкі, сёстры і дачкі. Некаторыя з іх конна — мяккія, з апушчанымі палямі капелюшы ахоўваюць іх вочы ад яркіх праменняў сонца; іншыя-ж размясціліся пад белымі навесамі фургонаў або за прыгожымі фіранкамі карэт.

На сёння прызначан суд. Усе з нецярплівасцю чакаюць, калі ён пачнецца.

Бадай, залішне гаварыць, што судзіць будуць Морыса Джэральда, вядомага ў сетлменце па імю Морыса-мустангера. Не варта таксама дадаваць, што яго абвінавачваюць ў забойстве Генры Пойндэкстэра.

Усе зацікаўлены тымі таямнічымі акалічнасцямі, якія звязаны з гэтай справай. У сетлменце апошні час толькі і гаварылі аб гэтым.