Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/267

Гэта старонка не была вычытаная

Усе прысутныя ў форце Індж прышлі да заключэння, што гэты судовы разгляд пралье святло на нікім яшчэ не разгаданую таямніцу.

* * *

Дзесяць гадзін. Сесія суда пачынаецца.

Ваенныя, скончыўшы ранішні парад, рашылі правесці свабодны час сярод цывільных. Драгуны, стралкі, пехацінцы, артылерысты з‘явіліся побач з плантатарамі, паляўнічымі, гандлярамі і авантурыстамі.

* * *

Суд ідзе.

Перад вашымі вачыма, напэўна, паўстае карціна судовага працэса ў строгай абстаноўцы звычайнага суда.

Але ў пагранічным мястэчку Техаса абстаноўка судовага разгляду некалькі іншая, чым тая, якая ўстаноўлена традыцыяй у іншых кутках свету.

Спецыяльнага будынка суда тут няма, хоць праўда, ёсць пакой, у якім звычайна адбываюцца ўсякія сходы; там-жа наладжваюцца і паседжанні суда.

Дзень абяцаў быць вельмі гарачым, і таму вырашана было адкрыць сесію суда не ў будынку, а ў цені старога дуба. Тут паставілі вялікі стол, дзесятак складных крэслаў, абцягнутых скурай. На стол паклалі паперу, гусіныя пер‘і, велізарны том судовага заканадаўства. Прынеслі чарнільніцу, графін з кан‘яком і некалькі чарак, пачку гаванскіх сігар і карабок запалак.

За сталом з‘явіўся суддзя. На ім не было ні гарнастаевай мантыі, як гэта прынята ў Англіі, ні нават пінжака: з прычыны гарачыні ён рашыў прыступіць да справы проста ў рубашцы. На галаве ў яго адзета набок панама, у роце сігара.

Астатнія крэслы занялі адвакаты, камандзір форта, капелан, доктар, афіцэры і некалькі чалавек без пэўных заняткаў.

Убаку размясціліся дванаццаць прысяжных. З іх некаторыя сядзяць на груба збітых лаўках, іншыя — проста на траве. Навокал суддзі і прысяжных стоўпіўся стракаты натоўп. Паводдаль, у фургонах і экіпажах, размясціліся дамы, прыбраныя ў прыгожыя сукенкі.

Першапачаткова думалі судзіць не толькі Морыса Джэральда, але і Мігуэля Дыяза з яго таварышамі і Феліма О‘Ніла. Аднак, у працэсе папярэдняга дазнання мексіканскаму мустангеру ўдалося апраўдаць сябе, таксама як і сваіх таварышоў.

Яны прызналіся, што пераапрануліся індзейцамі. Гэты факт быў ужо і раней даказаны, так што нічога іншага ім і не аставалася зрабіць, але яны выдалі ўсё гэта за жарт. А з прычыны таго, што было ўстаноўлена, што ўсе чэцвера былі дома ў ноч знікнення Генры Пойндэкстэра, а Дыяз да таго быў як смоўж п‘яны, то далей іх і не дапытвалі.