Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/268

Гэта старонка не была вычытаная

Што-ж датычыць Феліма, то яго не палічылі патрэбным пасадзіць на лаўку падсудных, бо лічылі, што яго прысутнасць будзе больш карыснай у якасці сведкі.

Такім чынам, на лаўцы падсудных быў толькі адзін Морыс-мустангер.


Раздзел LXXXVII

ІЛЖЭСВЕДКА

Толькі нямногія з прысутных асабіста ведалі абвінавачваемага. Усе лічылі Морыса-мустангера цудоўным хлапцом, прыгожым, адважным, добрым знатаком коней і заваёўцай жаночых сэрцаў. Ведалі, што яго паводзіны заўсёды былі ўроўнаважанымі, адвага ніколі не даходзіла да безрассудства, а размовы яго былі стрыманымі і не ператвараліся ні ў пустую балбатню, ні ў вульгарную лаянку.

Нікому не было вядома, адкуль ён прыехаў, чаму ён пасяліўся ў Техасе і чаму, побач з авантурыстамі, заняўся такой дзіўнай справай, як паляванне на коней.

Такім чынам, Морыс Джэральд стаіць перад шматлікім сходам, зганьбаваны, абвінавачваемы ў забойстве.

Некаторыя глядзяць на падсуднага з простай цікаўнасцю, другія запытальна, але большасць — са злосцю і нянавісцю.

Але вось яшчэ адна пара вачэй. У іх вы прачытаеце і трывогу, і пяшчотнасць, і, як ні дзіўна, непахісную цвёрдасць.

* * *

Судовы разгляд пачынаецца без асаблівых фармальнасцей. Суддзя здымае сваю панаму і запальвае патухшую сігару. Зацягнуўшыся разоў шэсць, ён вымае сігару з роту, кладзе яе на край стала і гаворыць наступнае.

— Джэнтльмены і прысяжныя! Мы тут сабраліся, каб разгледзець злачынства, падрабязнасці якога, трэба думаць, вам усім вядомы. Забіты сын аднаго з нашых найбольш паважаных грамадзян. Арыштаваны, якога вы бачыце перад сабою, абвінавачваецца ў гэтым злачынстве. Пасля таго, як вы выслухаеце паказанні, вы павінны вырашыць, ці справядліва ён абвінавачваецца.

Затым абвінавачваемаму задаюць традыцыйнае пытанне:

— Ці прызнаеце вы сябе вінаватым?

— Не, — чуецца скромны, але цвёрды адказ.

Касій Кольхаун і некалькі пагранічнікаў, што стаялі побач з ім, недаверліва ўсміхаюцца.

Пракурор выклікае сведак для паказанняў.

Першым выклікаюць Франца Обердофера.

Обердофер паўтарае тое, што ўжо гаварыў і раней. Ён расказвае аб тым, як Морыс Джэральд выехаў з яго гасцініцы ў