Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/269

Гэта старонка не была вычытаная

тую ноч, калі згінуў юны Пойндэкстэр, заплаціў па ўсіх рахунках, і, як відаць, не адчуваў недахопу ў грашах.

У сваіх паказаннях гаспадар таверны падкрэслівае, што як Морыс Джэральд, так і Генры Пойндэкстэр былі ў зусім цвярозым выглядзе, але як той, так і другі здаваліся вельмі ўзрушанымі. У паводзінах Морыса Джэральда яўна была відаць злосць. Сведку надзвычай здзівіла тое, што мустангер так спяшаўся выехаць з гасцініцы. Замест таго, каб паехаць раніцай, як раней меркавалася, ён адправіўся ў дарогу позняй ноччу.

На гэтым допыт Обердофера канчаецца.

Яго паказанні гаварылі не ў карысць абвінавачваемага. Асабліва падазроным здавалася тое, што Джэральд змяніў час свайго ад‘езду.

Але-ж чаму Генры Пойндэкстэр таксама быў узрушаны. Чаму ён так спяшаўся дагнаць Джэральда і адправіўся за ім, не гледзячы на позні час, наперакор сваім скромным звычкам?

Выклікаюць некалькіх сведак. Аднак, іх паказанні яшчэ больш заблытваюць абставіны. Яны сцвярджаюць, што паміж падсуднымі і Генры Пойндэкстэрам існавалі сяброўскія адносіны.

Нарэшце, выступае капітан Касій Кольхаун.

Яго расказ зусім мяняе карціну. Ён не толькі раскрывае матывы забойства, але выстаўляе злачынства ў надзвычай змрочным святле.

Кольхаун расказвае аб усім: і аб спатканні мустангера з Луізай і аб сварцы Генры Пойндэкстэра з мустангерам. З яго слоў, мустангер пайшоў з пагрозамі. Кольхаун упамінае аб тым, што Генры паехаў даганяць мустангера; чаму захацелася юнаку даганяць яго — аб гэтым капітан замоўчвае. Не раскрывае ён і сваёй ролі ва ўсёй гэтай гісторыі.

Гэтыя выкрыванні выклікаюць агульнае здзіўленне. Страшэнна здзіўлены ўсе — суддзя, прысяжныя і натоўп гледачоў. Праносіцца шэпт. Чуваць выкрыкі абурэння супроць мустангера. Цяжар злачынства павялічваецца ўдвая: ён не толькі забіў сына Пойндэкстэра, але і зганьбіў дачку.

У часе гэтай прамовы Кольхауна сярод слухачоў чуецца стогн. Ён вырываецца з грудзей няшчаснага старога плантатара.

Аднак, вочы гледачоў нядоўга затрымліваюцца на Пойндэкстэры. Позіркі слізгаюць далей, да карэты, дзе ўжо бачылі дзяўчыну, якая здзівіла ўсіх сваёй прыгожасцю.

— Луіза Пойндэкстэр, — чуецца голас, які выклікае сведак.

Кольхаун стрымаў сваё слова.


Раздзел LXXXIII

МІМАВОЛЬНАЯ СВЕДКА

Перш чым манатонны выклік быў сказаны тры разы, Луіза Пойндэкстэр ужо спусцілася на падножку карэты.

Смела, без ценю страху, стала яна перад тварам суддзі.