Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/273

Гэта старонка не была вычытаная

Абвінавачваемы пільна глядзіць на Касія Кольхауна. Той увесь аж скурчыўся ад гэтага позірку, як быццам на яго накіравалі дула рэвальвера.

— Зусім правільна, што я сустрэўся з міс Пойндэкстэр. Гэта благародная дзяўчына сваім шчырым прызнаннем дала і мне магчымасць гаварыць тут зусім шчыра, інакш я не асмеліўся-б сказаць усю праўду. Прашу вас верыць усямў, што я буду і далей гаварыць. Правільна таксама і тое, што наша спатканне было таямнічым і што яно было спынена Генры Пойндэкстэрам. Правільна і тое, што мы з ім пасварыліся, або, правільней, ён лаяў мяне. Але тое, што наша сварка аднавілася, — гэта хлусня. І той, хто кляўся ў гэтым, не асмеліўся-б гэтага сказаць, калі-б я меў магчымасць запярэчыць яму.

Зноў вочы абвінавачваемага накіроўваюцца на Кольхауна, які палахліва хаваецца ў натоўпе.

— Наадварот, — прадаўжае Джэральд, — Генры Пойндэкстэр выказаў мне сваё шкадаванне аб здарыўшымся. Што-ж датычыць мяне, то я быў шчаслівы, што мы памірыліся.

— Значыць, вы ўсё-такі памірыліся? — пытаецца суддзя, скарыстаўшы паўзу ў расказе. — Дзе гэта адбылося?

— Каля чатырохсот ярдаў ад таго месца, дзе адбылося забойства.

Суддзя ўстае. У натоўпе гледачоў чуваць выгукі здзіўлення: абвінавачваемы першы ўспамінае аб месцы злачынства.

— Вы маеце на ўвазе тое месца, дзе была праліта кроў? — нерашуча пытаецца суддзя.

— Я маю на ўвазе тое месца, дзе быў забіты Генры Пойндэкстэр.

Новы выбух здзіўлення. Чуваць перашэптванні і глухія ўскліканні. Адначасова чуецца стогн старога Пойндэкстэра, які цяпер ужо больш не сумняваецца ў тым, што ў яго няма сына. Да гэтага часу ў сэрцы бацькі ўсё яшчэ цяплілася надзея, што Генры, магчыма, яшчэ жывы. Да гэтага моманту яшчэ не было яўных доказаў смерці яго сына, былі толькі асобныя выпадковыя і не надта пераканаўчыя здагадкі. Цяпер-жа гэтай надзеі няма за што больш учапіцца — сам абвінавачваемы сцвярджае факт забойства.

— Вы, значыць, упэўнены, што Генры Пойндэкстэр памёр? — пытаецца ў арыштаванага мустангера абвініцель.

— Зусім упэўнены, — адказвае абвінавачваемы. — Калі-б вы бачылі тое, што бачыў я, вы зразумелі-б, наколькі бескарыснае ваша пытанне.

— Значыць, вы бачылі труп? — зноў пытаецца абвініцель.

— Я павінен запярэчыць супроць такога метада допыту, — умешваецца абаронца. — Гэта простае парушэнне статута.

— Суд нашай краіны гэтага не дапусціў-бы, — дадае ірландскі адвакат. — У нас абвініцель не мае права гаварыць да таго часу, пакуль не наступіць момант перакрыжнага допыту.