Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/274

Гэта старонка не была вычытаная

— Такія-ж законы і нашай краіны, — гаворыць суддзя, зрабіўшы пагражальны жэст па адрасу парушальніка судовага парадку. — Абвінавачваемы, вы можаце прадаўжаць ваш расказ. Ваш абаронца можа задаваць вам пытанні, якія ён знойдзе патрэбным, але ніхто больш, да таго часу, пакуль вы не скончыце гаварыць. Прадаўжайце. Мы хочам чуць усё, што вы можаце нам сказаць.

— Я гаварыў аб прымірэнні, — прадаўжае абвінавачваемы, — і сказаў вам, дзе гэта здарылася. Я павінен цяпер растлумачыць усё астатняе. Вы ўжо ведаеце, як мы рассталіся, — міс Пойндэкстэр, яе брат і я. Пакінуўшы іх, я кінуўся ўплаў цераз раку, таму што мне не хацелася, каб Генры даведаўся, як я трапіў у сад. У мяне былі свае падставы для гэтага. Пераплыўшы раку, я накіраваўся да сетлмента. Ноч была вельмі цёплая, як, напэўна, многія з вас памятаюць, і пакуль я дайшоў да гасцініцы, мая вопратка амаль зусім высахла. Таверна была ўсё яшчэ адкрыта, і гаспадар стаяў за сваім прылаўкам. Мне не хацелася аставацца пад гэтым дахам, які, трэба сказаць, не быў для мяне асабліва гасцінным. Я рашыў вярнуцца на Аламо, скарыстаўшы начны халадок. У сетлменце мне наогул не было дзеля чаго больш аставацца. Я адаслаў свайго слугу наперад, а сам думаў адправіцца ў наступную раніцу. Але тое, што здарылася ў Каса-дэль-Карво, прымусіла мяне паспяшацца з ад‘ездам. Расплаціўшыся з Обердоферам, я паехаў.

— А грошы, якімі вы расплаціліся? — запытаў абвініцель. — Адкуль вы іх…

— Я пратэстую, — перапыніў абаронца прамову абвініцеля.

— Вось дык парадкі! — усклікнуў ірландскі адвакат, задзёрыста паглядзеўшы на абвініцеля. — Калі-б гэта адбывалася ў Ірландыі, з вамі, бадай, пагаварылі-б інакш.

— Спакойна, джэнтльмены! — распарадзіўся суддзя загадным тонам. — Няхай абвінавачваемы прадаўжае сваю прамову.

— Я ехаў памалу, спяшацца мне не было чаго. Заснуць-бы я не змог у тую ноч, і ці не ўсёроўна мне было, дзе яе правесці — у прэрыі ці пад страхой свайго хакале? Я ведаў, што да раніцы дабяруся да Аламо, і гэтага для мяне было зусім дастаткова. Я не азіраўся назад. У мяне не было ніякага падазрэння, што хто-небудзь можа ехаць за мною. І толькі калі я ўжо праехаў каля поўмілі па лясных зарасніках і апынуўся ў месцы, дзе праходзіць дарога на Рыо-Грандэ, я пачуў тупат капытоў, які далятаў ззадў. Я толькі што павярнуў, — дарога там крута паварачвае, — і бачыць конніка не мог. Але я чуў, што ён набліжаецца трушком. Мяне гэта мала трывожыла. Толькі па прывычцы, выпрацаванай жыццём у прэрыі, я звярнуў у гушчу зараснікаў і аставаўся там, пакуль коннік не пад‘ехаў бліжэй. Можаце ўявіць маё здзіўленне, калі я ўбачыў чалавека, з якім мы незадоўга перад гэтым рассталіся з пачуццём злосці. Калі я ўпамінаю аб злосці, я не гавару аб сабе, гэта датычыць толькі яго.