Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/276

Гэта старонка не была вычытаная

няў. Мой сон прадаўжаўся нядоўга. Не прайшло і некалькі хвілін, як мяне разбудзіў рэзкі гук, як мне здалося, стрэлу. Мой конь настаражыў вушы і захроп. Я ўсхапіўся і пачаў прыслухоўвацца. Але больш нічога не пачуў. Мустанг супакоіўся. Я рашыў, што мы абодва памыліліся. Я падумаў, што конь пачуў блізкасць блукаючага па лесе звера, а тое, што даляцела да майго слыху, магло быць трэснуўшай пад яго нагой галінаю. Я зноў лёг на траву і зноў заснуў. На гэты раз праспаў да самай раніцы і прачнуўся толькі ад халоднай сырасці, якая пранізвала мяне да касцей. Аставацца далей пад дрэвам было ўжо непрыемна. Я пачаў збірацца ў дарогу. Аднак, стрэл усё яшчэ гучэў у маіх вушах. Мне здавалася, што ён даляцеў з таго боку, куды паехаў Генры Пойндэкстэр. Ці было гэта ігрой уяўлення ці не, але я мімаволі звязваў гэты гук з юнаком. Мяне нястрымна пацягнула пайсці і высветліць, у чым магла быць справа. Ісці давялося недалёка. Нябесныя сілы! Што я ўбачыў! Я ўбачыў…

— Коннік без галавы! — крычыць нехта з натоўпа, і ўсе паварачваюцца назад.

— Коннік без галавы! — водгуллем разлягаецца пяцьдзесят галасоў.

— Вунь ён едзе. Туды! Туды!

— Не, ён едзе сюды! Глядзіце! Ён імчыцца проста да форта!

Сапраўды, коннік без галавы мчаўся ў гэтым напрамку. Але раптам ён спыняецца пасярод прэрыі, насупроць натоўпа, які сабраўся навокал дрэва.

Каню, як відаць, не спадабалася карціна, якую ён убачыў. Ён моцна захроп, а затым яшчэ мацней заірзаў; вось ужо ён імчыцца назад у прэрыю.

Напружаная цікаўнасць, выкліканая паказаннямі абвінавачваемага, адразу зменшылася.

Большасць кінулася да коней. Нават прысяжныя не з‘явіліся выключэннем і прынамсі шэсцера з дванаццаці далучыліся да пагоні за таямнічым коннікам.


Раздзел XCI

ПАГОНЯ ПА ЗАРАСНІКАХ ЛЕСУ

Пагоня накіроўваецца цераз прэрыю, да лясных зараснікаў, якія знаходзіліся на адлегласці дзесяці міль.

Аднак, рады коннікаў па дарозе паступова радзеюць. Іх коні не вытрымліваюць гэтай працяглай і шалёнай язды.

Нямногія набліжаюцца да лесу. І толькі двое ўязджаюць у зараснікі на больш або менш блізкай адлегласці ад шалёна імчаўшагася наперадзе конніка без галавы.

Коннік на шэрым мустангу бліжэй за ўсіх ад яго. У азарце пагоні ён не шкадуе свайго быстраногага каня — бязлітасна гоніць яго бізуном, шпорамі, крыкамі.