Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/278

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел XCII

ВЫМУШАНЫ ЗВАРОТ

Кольхаун хапае каня за аброць. На гэты раз ён у палоне і праз секунду — моцна прывязаны.

Выкрык радасці мімавольна вырываецца ў пераможцы.

Азірнуўшыся навокал і прыслухаўшыся на секунду, Кольхаун пачынае справу.

Ён вымае нож, прыпадымае палу серапэ і нахіляецца да конніка, нібы хочучы ўсадзіць нож у яго сэрца. Але раптам рука Касія Кольхауна аддзёргваецца.

Пачуўся вокліч Зеба Стумпа, які нечакана з‘явіўся з-за зараснікаў.

— Спыніце гэтую гульню! — крычыць Зеб, хутка набліжаючыся на кані. — Спыніце, я кажу!

— Якую гульню? — пытаецца капітан у замяшанні, ціхенька хаваючы свой нож. — Якога чорта вы тут крычыце? Гэта жывёліна заблыталася ў кустах. Я баяўся, што яна зноў уцячэ, і хацеў ёй перарэзаць горла, каб скончыць з гэтай справай.

— Ах! вось яно што! Ну, а я ўсё-ж думаю, што рэзаць ёй горла не варта. Можна, бадай, абыйсціся без праліцця крыві. Але аб якім горле вы гаворыце? Конскім? Так, ці што, я вас зразумеў?

— Вядома, я меў на ўвазе каня.

— Так. Ну, а што вы скажаце наконт чалавека? Хто-ж гэта прарабіў над ім такую аперацыю? Што вы адносна гэтага думаеце, містэр Каш Кольхаун?

— Чорт яго ведае! Я нічога не магу зразумець. У мяне яшчэ не было часу як след зірнуць на яго. Я толькі ў гэтую хвіліну пад‘ехаў. Нябесныя сілы! — прадаўжае ён, прытворна здзіўляючыся. — Я думаю, што гэта цела чалавека і… прытым мёртвага.

— Апошняя заўвага досыць справядлівая. Наўрад ці мог-бы ён быць жывым без галавы на плячах. Пад гэтай анучай як быццам нічога не схавана, ці не праўда?

— Не. Мне здаецца, там нічога няма.

— Прыпадыміце яе крыху і паглядзіце.

— Мне не хочацца дакранацца да яго. Ён так жудасна выглядае.

— Дзіўна! Хвіліну таму назад вы гэтага не баяліся. Што гэта раптам зрабілася з вамі?

— Ах! — прагаварыў, запінаючыся Кольхаун. — Я быў вельмі ўзрушаны пагоняй. Быў вельмі злосны і рашыў пакласці канец яго фокусам.

— Ну, добра, — сказаў Зеб. — Я тады сам гэтым займуся. Так, так, — прадаўжаў паляўнічы, пад‘язджаючы бліжэй і разглядаючы дзіўную фігуру. — Так, гэта сапраўды цела чалавека. Мёртвы і зусім адзеравянелы. Стойце! — усклікнуў Зеб, прыпадымаючы палу серапэ. — Ды гэта-ж труп таго самага чалавека, з прычыны