Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/281

Гэта старонка не была вычытаная

— Я ўбачыў чалавека, распасцёртага на траве.

— Соннага?

— Так, соннага, які спаў вечным сном.

— Мёртвага?

— Больш за тое, калі гэта магчыма. Нахіліўшыся над ім, я ўбачыў, што ў яго адсечана галава.

— Адсечана галава?

— Так. Я гэтага не заўважыў, пакуль не нахіліўся блізка. Ён ляжаў ніцма, і яго галава была ў самым натуральным палажэнні. Нават капялюш усё яшчэ быў на ёй. Мне хацелася думаць, што ён спіць, хоць я і адчуваў, што тут штосьці нядобра. Рукі і ногі былі нежыццёва выцягнуты. Апрача таго, на зямлі было штосьці чырвонае; пры слабым ранішнім святле я не адразу разглядзеў гэта. Калі я бліжэй нахіліўся, я адчуў пах крыві. Тут я ўжо не сумняваўся, што перада мною ляжаў труп. Я заўважыў глыбокую рану ўпоперак шыі з запёкшайся ў ёй крывёю. Пры бліжэйшым разглядзе выявілася, што галава была зусім адсечана.

Аудыторыю апанаваў жах.

— Вы гэтага чалавека пазналі?

— Увы, пазнаў.

— Пазналі, нават не паглядзеўшы яму ў твар?

— Мне гэтага не патрэбна было рабіць. Яго вопратка дастаткова ясна ўсё растлумачыла.

— Якая вопратка?

— Паласатае серапэ на плячах і самбрэро на галаве. Яны належалі мне. Калі-б не абмен, які толькі што адбыўся, я падумаў-бы, што гэта ляжу я. Гэта быў Генры Пойндэкстэр.

Зноў пачуўся пакутлівы стогн разам з усхваляваным шэптам натоўпа.

— Прадаўжайце, сэр, — гаворыць абаронца. — Скажыце, што яшчэ вам удалося выявіць?

— Калі я дакрануўся да цела, то адчуў, што яно халоднае і зусім застыўшае. Я зразумеў, што смерць наступіла ўжо некалькі гадзін назад. Кроў запяклася і ў слабым ранішнім святле здавалася чорнай. Адсечаная галава магла лёгка ўвесці мяне ў заблуджэнне адносна прычыны смерці. Але ў мяне ў вушах усё яшчэ гучэў стрэл, і я рашыў, што яшчэ дзе-небудзь на целе павінна быць знойдзена рана. Я не памыліўся. Калі я павярнуў труп на спіну, мне кінулася ў вочы дзірачка ў серапэ. Тканіна вакол яе была прасякнута крывёю. Адхіліўшы палу серапэ і расшпіліўшы рубашку на нябожчыку, я заўважыў сінявата-чырвоную пляму на яго грудзях. Няцяжка было вызначыць, што сюды трапіла куля. Але адпаведнай раны на спіне не было. Як відаць, куля асталася ў целе.

— Ці думаеце вы, што аднаго стрэлу было дастаткова, каб