Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/284

Гэта старонка не была вычытаная

ўдалося пасадзіць нябожчыка. Уставіўшы яго ногі ў страмёны, я адрэзаў кавалак ласо і прывязаў труп да сядла. Цяпер ён ужо ніяк не мог выслізнуць. Аставалася прыдумаць, што зрабіць з галавой. Я падняў яе з зямлі і паспрабаваў зняць капялюш. Гэта аказалася зусім немагчымым. Галава вельмі распухла, і самбрэро туга сядзела на ёй. Пераканаўшыся, што капялюш не можа зваліцца, я працягнуў кавалак вяроўкі праз яго пражку і такім чынам прывязаў галаву да лукі сядла. На гэтым скончыліся мае прыгатаванні. Не трацячы часу, я ўскочыў на каня Генры Пойндэкстэра, гнеды-ж пакорліва пайшоў за мною. Так мы адправіліся ў напрамку да сетлмента. Не прайшло і пяці хвілін, як я быў выбіты з сядла і адразу-ж страціў прытомнасць. Калі-б не гэта акалічнасць, я не стаяў-бы тут перад вамі ў становішчы абвінавачваемага.

— Выбіты з сядла? — усклікнуў суддзя. — Як гэта здарылася?

— Гэта была простая выпадковасць або, правільней, гэта здарылася дзякуючы маёй неасцярожнасці. Ускочыўшы на чужога каня, я не ўзяў у рукі павадоў. Я прывык кіраваць сваім канём толькі голасам і каленьмі. Не паспелі мы ад‘ехаць, як конь, азірнуўшыся, раптам у спалоху кінуўся ўбок і пусціўся шалёным галопам: ён заўважыў за сабою дзіўнага конніка. Я хацеў схапіць павады, але гэта было цяпер не так проста. Конь шалёна імчаўся, павады саслізнулі, і мне цяжка было дацягнуцца да іх. Спрабуючы выправіць сваю памылку і спрабуючы злавіць раменьчык аброці, я не сачыў за кірункам, куды імчаў мяне конь. Толькі тады, калі я адчуў, як мяне балюча сцебанула галінай па твары, я зразумеў, што мы ўжо імчымся не па адкрытай дарозе, а трапілі ў лясныя зараснікі. Пасля гэтага ўся мая ўвага была сканцэнтравана толькі на тым, каб адхіляць са свайго шляху калючыя галіны акацый, якія лёгка маглі выбіць мяне з сядла. Я досыць паспяхова змагаўся з гэтай перашкодай, хоць, трэба сказаць, мае рукі былі ўсе абадраныя шыпамі. Але далей на шляху трапілася тоўстая гарызантальна выцягнутая галіна вялізнага дрэва. Яна звісала настолькі нізка над зямлёю, што была на ўзроўні маіх грудзей. Мой спалоханы конь на злом галавы кінуўся проста пад яе. Куды ён паімчаўся далей, я не разумею. Вы, напэўна, ведаеце гэта лепш за мяне. Магу вам толькі сказаць, што я астаўся на зямлі пад гэтым дрэвам з вялікай ссадзінай на галаве і страшэнна балючай пухлінай на калені. Але гэта я выявіў толькі праз дзве гадзіны пасля. Калі я апрытомнеў, то ўбачыў, што сонца ўжо было высока на небе, а нада мною кружыліся каршуны. Мяне мучыла страшэнная смага, і я рашыў адправіцца на пошукі вады. Але, устаўшы на ногі, я выявіў, што не магу ступіць і кроку. Больш за тое, я ледзьве мог стаяць. Аставацца-ж на месцы мне здавалася роўназначна пагібелі. І вось, зрабіўшы над сабою страшэннае намаганне, я рушыў у дарогу. Я ведаў, што недзе, не