Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/285

Гэта старонка не была вычытаная

вельмі далёка, павінна быць крыніца. Я прасоўваўся часткова паўзком на чацвярэньках, часткова на кастылі, які я сабе тут-жа змайстраваў. Пасля пакутлівага падарожжа, я, нарэшце, дабраўся да вады і, прагнаўшы сваю смагу, заснуў… Калі я прачнуўся, то ўбачыў, што мяне з усіх бакоў акружылі кайоты. Гэтыя баязлівыя драпежнікі, як відаць, выбралі мяне сваёй афярай. Сапраўды, хутка яны накінуліся на мяне. На шчасце, са мною быў паляўнічы нож. І паміж намі пачалася страшэнная барацьба. Аднак, я хутка адчуў, што мяне пакідаюць сілы. Вядома, я стаў-бы афярай гэтых агідных драпежнікаў, калі-б мяне не выратаваў шчаслівы выпадак: да мяне на выручку прыбег верны прыяцель — мой са- бака Тара. Напэўна, ён бегаў па лесе, шукаючы мяне. Як-бы там ні было, але ён прыбег да мяне якраз своечасова, каб выратаваць мяне з кіпцюроў немінучай смерці. Ён спрытна расправіўся з некалькімі кайотамі, і хутка ўсе яны разбегліся. Я яшчэ раз заснуў або, правільней, страціў прытомнасць у выніку поўнага знесілення. Прачнуўшыся, я ўжо мог абдумаць становішча. Я рашыў паслаць пры дапамозе сабакі вестачку дадому. Я чыркнуў некалькі слоў на картцы, на якой было надрукавана маё імя. Я ведаў, што мой слуга непісьменны, але быў упэўнены, што ён ведае картку з маім імем і звернецца да каго-небудзь за далейшымі растлумачэннямі, тым больш, што я пісаў крывёю. Закруціўшы запіску ў кавалачак скуры, каб яна не згубілася, я заткнуў яе за нашыйнік сабакі, які мне ўдалося тут-жа змайстраваць з раменьчыка. Угаварыць сабаку пайсці ад мяне было вельмі цяжка. Але, нарэшце, мне ўдалося гэта зрабіць. Маё пісьмо было дастаўлена па прызначэнню. Аб гэтым, праўда, я даведаўся толькі ўчора. Калі мой сабака пабег, да мяне з‘явіўся яшчэ больш страшны вораг — зласнейшы драпежнік тутэйшых месц, ягуар. Чым скончылася гэтая сустрэча, я не магу сказаць. Я захварэў гарачкай і страціў прытомнасць. Няхай аб гэтай схватцы вам раскажа мой адважны выратоўца Зеб Стумп. Спадзяюся, што ён паспее своечасова прыйсці сюды, каб даць свае паказанні. Для мяне гэты выпадак астаўся неразгаданай таямніцай. З гэтага моманту я памятаю толькі цяжкія кашмары, перамешаныя са шчаслівымі снамі. Толькі ўчора ў мяне праясніўся розум. Я прачнуўся ў сценах турмы, у становішчы злачынцы, абвінавачваемага ў забойстве. Больш мне няма чаго дадаць.

* * *

Споведзь абвінавачваемага, простая і шчырая, зрабіла моцнае ўражанне на прысутных. Большасць ужо не сумнявалася ў яго невіноўнасці. Але ўсё-ж гэта толькі словы. Для таго, каб зняць абвінавачанне, патрэбны яшчэ пацвярджаючыя паказанні сведак.

Дзе-ж той сведка, ад якога так многа залежыць? Дзе Зеб Стумп?

Усе глядзяць запытальна на лінію гарызонта, дзе сапфіравая сінь неба пераходзіць у ізумрудную зелень саванны.