Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/286

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел XCV

АПОШНІ СВЕДКА

Напружанае чаканне сярод урачыстай цішыні прадаўжалася цэлых дзесяць хвілін.

На працягу гэтага часу тройчы чуліся ўскліканні. То таму, то іншаму здавалася, што нейкая кропка паказалася на гарызонце. Але гэта было толькі ашуканства зроку. Стамляльнасць чакання ўжо дасягнула сваёй граніцы, калі раптам пачуўся чацверты выкрык, ужо больш гучны і больш упэўнены. На гэты раз надзеі натоўпа не былі ашуканы: на гарызонце сапраўды з‘явіліся тры коннікі. У натоўпе, які сабраўся пад дубам, грымнула ўрачыстае ўра.

Двух з іх няцяжка было пазнаць — гэта Зеб Стумп і Касій Кольхаун. А ў трэцім хто-б мог памыліцца: гэта — сам коннік без галавы.

Бурныя выкрыкі хутка змоўклі. Зноў наступіла цішыня.

А калі коннікі наблізіліся, пачуўся толькі нясмелы шэпт.

Тры коннікі спыніліся каля натоўпа, які адразу-ж абступіў іх з усіх бакоў. Двое з уноў прыбыўшых саскочылі са сваіх коней. Трэці астаўся ў сядле.

Кольхаун адвёў свайго каня ўбок і знік у натоўпе. Яго прысутнасць нікога ўжо больш не цікавіла.

Зеб Стумп, пакінуўшы сваю старую кабылу, узяў за аброць каня конніка без галавы, і падвёў яго разам з яго мёртвым седаком да дуба, у цені якога засядаў суд.

— Ну, пане суддзя і дванаццаць прысяжных, — сказаў стары паляўнічы, — вось сведка, які дапаможа вам разабрацца ў гэтай цяжкай справе.

— Божа мой, гэта ён! — чуецца ўскліканне жаху, і высокі стары праходзіць наперад і становіцца каля конніка без галавы. Гэта — бацька. Здалёку чуваць жаночы крык і прыдушаны стогн. Гэта — крык сястры. Праз некаторы час Вудлі Пойндэкстэра адводзяць убок. Ён не супраціўляецца, як відаць, нават не разумее, што адбываецца вакол яго. Яго падводзяць да карэты і садзяць побач з дачкою.

Але карэта стаіць на месцы. Луіза Пойндэкстэр не паедзе адсюль да самага сканчэння судовага працэса.

Зебу Стумпу прапаноўваюць заняць месца сведкі.

Ён гаворыць, як заўсёды, свабодна і нявымушана:

— Я ўпершыню пачуў аб гэтай нядобрай справе на другі дзень пасля знікнення Генры Пойндэкстэра. Да гэтага я быў на паляванні. Мне сказалі, што мустангера абвінавачваюць у забойстве. Я ведаў, што Морыс Джэральд не мог гэтага зрабіць, і паехаў пабачыцца з ім. Яго не было дома. Там я знайшоў толькі аднаго Феліма, яго слугу. Чалавек быў напалоханы настолькі ўсякімі здарэннямі, што я амаль нічога не мог зразумець з таго, што ён мне расказваў. Дык вось, пакуль ён разважаў, прыбег са-