Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/287

Гэта старонка не была вычытаная

бака, у яго на шыі было нешта прывязана. Я паглядзеў і выявіў, што гэта была картка. На ёй былі словы, напісаныя чырвоным чарнілам, проста крывёю. Гэтыя словы гаварылі аб месцы, дзе можна знайсці хлапца. Я адправіўся туды, узяўшы з сабою Феліма і сабаку. Мы прышлі якраз своечасова, каб выратаваць мустангера з кіпцюроў ягуара. Я пусціў кулю ў гэтага плямістага ката. Тут яму і быў канец. Ну, што-ж, пасля гэтага мы даставілі мустангера ў яго халупу. Нам давялося несці яго нібы як на насілках. Сам-жа ён не мог і кроку ступіць. Ды і з мазгамі ў яго было не ў парадку — хлапец разумеў не лепш за індыка ў вясенні час. Дык вось, мы даставілі хворага ў халупу. Там ён ляжаў, пакуль не прышоў атрад разведчыкаў і не знайшоў яго.

Сведка на хвіліну змоўк, думаючы, ці варта яму расказваць аб усіх здарэннях, якія разыграліся каля халупы мустангера. Ці не лепш будзе змоўчаць аб іх?

Аднак, абвініцель перакрыжным допытам прымусіў яго расказаць усё, што здарылася да самага моманту, калі Морыс Джэральд трапіў пад варту ваеннай турмы.

— Ну, а цяпер, — прадаўжае Зеб Стумп, — я хачу яшчэ сёе-тое дадаць.

— Гаварыце, містэр Стумп, — чуецца голас абаронцы з Сан-Антоніо.

— Дык вось што. Тое, аб чым я буду гаварыць, не столькі датычыць падсуднага, колькі таго чалавека, які павінен заняць яго месца. Я цяпер не буду называць яго імя. Я толькі скажу аб тым, што мне ўдалося даведацца. Вы-ж, прысяжныя, самі здагадаецеся аб астатнім.

Стары паляўнічы на хвіліну спыняецца і пераводзіць дыханне, нібы рыхтуючыся да вялікай прамовы.

Натоўп напружана чакае.

— Што-ж, панове прадаўжае Зеб, — пасля таго, што мне давялося чуць, а галоўнае бачыць, я зразумеў, што юны Генры загінуў. Таксама цвёрда я ведаў, што не мустангер, не Морыс Джэральд зрабіў гэтую брудную справу. Хто-ж тады? Вось пытанне, якое мучыла мяне таксама, як і многіх з вас… Не сумняваючыся, што ірландзец невінаваты, я рашыў высветліць усю праўду. Многае было супроць яго. І ўсё-ж гэта не магло пераканаць мяне. Я рашыў сам вывучыць сляды ў прэрыі. Мяне асабліва цікавіў след аднаго каня. Гэта былі адбіткі падкаваных капытоў амерыканскага каня, у якога адна з чатырох падкоў была зламана. Вось яно — гэтае жалезца.

Сведка запускае руку ў глыбокую кішэню сваёй камізэлькі і выцягвае адтуль паламаную падкову.

— Я выявіў, што гэты конь бег па прэрыі ў тую самую ноч, калі было зроблена забойства. Ён ішоў па слядах каня забітага юнака, а таксама і каня таго чалавека, якога тут абвінавачваюць у забойстве. Але недалёка ад месца злачынства гэтыя сляды абарваліся. Аднак, чалавек, які ехаў на ім, пайшоў далей пехатою.