Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/288

Гэта старонка не была вычытаная

І ён ішоў да таго часу, пакуль не дасягнуў крывавых месц. Пралітая кроў — гэта справа яго рук. Забойцу вёз на сабе конь з паламанай падковай.

— Прадаўжайце, містэр Стумп, — гаворыць суддзя. — Растлумачце, што вы хочаце гэтым сказаць.

— Я хачу сказаць наступнае: чалавек, пра якога я гавару, схаваўся ў гушчары зараснікаў і адтуль пусціў кулю, ад якой загінуў малады Пойндэкстэр.

— Які чалавек? Хто ён? Назавіце яго імя! Імя яго! — адначасова закрычала некалькі галасоў.

— Мне здаецца, што вы знойдзеце яго імя там.

— Дзе?

— У гэтай фігуры, якая сядзіць тут без галавы.

— Паглядзіце сюды, — прадаўжаў сведка, паказваючы на нерухомае цела. — Вы ўбачыце крывавую пляму на серапэ, а пасярод плямы прастрэленую дзірачку. Але з прычыны таго, што на спіне не відаць адпаведнай дзірачкі, то я думаю, што куля засела ў целе. Давайце раздзенем яго і паглядзім.

Ніхто не пярэчыць. Двое або трое з прысутных выступаюць наперад, сярод іх і Сэм Мэнлі. Асцярожным рухам ён здымае з трупа серапэ.

Навокал мёртвая цішыня, не чуваць нават шэпту. Усе глядзяць, не адрываючы вачэй.

Труп прастрэлены ў двух месцах — у вобласці сэрца і некалькі ніжэй. Кроў запяклася толькі навокал ніжняй раны. Верхняя — гэта нават не рана, а проста невялікая дзірка, прабітая куляй і зусім не акрываўленая.

— Гэта, — гаворыць Зеб Стумп, паказваючы на верхнюю дзірку, — не мае значэння. Вы бачыце, што крыві тут няма, а гэта даказвае, што куля трапіла ўжо ў труп. Гэта я пусціў яе ўночы каля халупы мустангера. А вось другая — гэта ўжо іншая справа. Гэта і была смяротная рана. І я пераконаны, што куля сядзіць тут. Варта было-б зрабіць надрэз і паглядзець.

Труп адвязваюць і здымаюць з сядла.

З вялікай асцярогай цела нябожчыка-юнака кладуць на траву. Сэм Мэнлі выконвае ролю галоўнага хірурга.

Нарэшце, кулю дасталі. Яе перадаюць прысяжным. На ёй выразна відаць ініцыялы: «К.К.К.»

Тыя, хто ўдзельнічаў у паляванні на ягуара, без цяжкасці здагадваюцца, чыя гэтая куля.

— Што вы адносна гэтага скажаце, містэр Стумп? — пытаецца абаронца.

— Справа простая, усякаму малакасосу павінна быць ясна. Гэта куля забіла юнака.

— Але хто стрэліў, як вы думаеце?

— Што-ж, гэта не менш зразумела. Калі чалавек падпісвае сваё імя на пісьме, ніхто не памыляецца, кім яно паслана. У нас