Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/289

Гэта старонка не была вычытаная

падобны-ж выпадак. Праўда, тут толькі тры літары, але мне здаецца, здагадацца няцяжка, што яны азначаюць.

— Куля мечаная, гэта праўда, — хутка ўмешваецца абвініцель. — Магчыма што яна і належыць добра вядомаму ў сетлменце джэнтльмену. Скажам, што гэта так. І ўсё-такі гэтым яшчэ нічога не даказана. Забойства, зробленае крадзенай зброяй, — досыць звычайная гісторыя. Апрача таго, скажыце мне, калі ласка, чым можна матывіраваць такое забойства, калі нават і дапусціць, што яно зроблена чалавекам, на якога вы кідаеце падазрэнне? Не называючы імя, мы ўсе ведаем, каму гэтыя ініцыялы належаць. Я ўпэўнены, што гэты джэнтльмен сам не будзе адмаўляць сваіх ініцыялаў. Аднак, гэта яшчэ нічога не азначае. Іншых доказаў, якія даюць магчымасць звязаць яго імя з гэтым злачынствам, няма.

— Вы так думаеце? — гаворыць Зеб Стумп. — А як вы назавеце вось гэта?

Пры гэтых словах Зеб вымае са свайго кісета кавалачак паперы, абпаленай па краях і пачарнелай ад пораху.

— Гэта я знайшоў у зарасніках каля месца забойства, — гаворыць стары паляўнічы, перадаючы паперку прысяжным. — Яна зачапілася за шып акацыі, а трапіла туды з дула той самай стрэльбы, з якой вылецела і куля. Наколькі я разумею, гэта кавалачак канверта, скарыстаны ў якасці пыжа. Цікава, што на ім стаіць імя, якое зусім адпавядае ініцыялам кулі. Прачытайце, калі ласка, панове прысяжныя.

Адзін з прысяжных бярэ паперку і, выраўняўшы яе, чытае:

— Капітан Касій Кольхаун!


Раздзел XCVI

ПУСЦІЎСЯ НАЎЦЁКІ

Гэта імя стварае сенсацыю сярод членаў суда.

Адначасова чуюцца крыкі з натоўпа. Гэта не выкрыкі здзіўлення. Не! Яны чуюцца ў апраўданне абвінавачваемага і абвінавачваюць таго, хто быў самым ярым з усіх абвініцеляў.

Паказанні Зеба Стумпа ясна даказалі поўную недатычнасць Морыса Джэральда да забойства Генры Пойндэкстэра.

Цяпер у гэтым ужо ніхто не сумняваўся.

І ў той-жа час устанавілася не меншая ўпэўненасць, што Кольхаун з‘яўляецца забойцай. Кавалачак абпаленай паперкі паслужыў апошнім звяном у ланцугу гэтых доказаў.

Зебу зноў даюць слова. Ён гаворыць аб тым, як у яго ўзніклі падазрэнні супроць Кольхауна, як ён шукаў сляды злачынства ў прэрыі, як ён двойчы быў сведкай пагоні капітана за коннікам без галавы. Расказваючы ўсе падрабязнасці, ён упамінае таксама аб мене коней.

Але натоўпу ўжо больш не цікавы яго паказанні. Чуюцца крыкі: