Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/290

Гэта старонка не была вычытаная

— Вызваліць ірландца, ён не вінаваты. Нам больш не трэба доказаў! Усё ясна! Пусціце яго!

Чуюцца і іншыя, не менш настойлівыя патрабаванні:

— Затрымайце Касія Кольхауна! Аддайце яго пад суд! Гэта ён зрабіў злачынства! Дзеля гэтага ён і стараўся вось зганьбіць мустангера. Калі ён не вінаваты, ён зможа гэта даказаць. Пад суд яго! Пад суд!.. Суддзя, мы чакаем вашай санкцыі: распарадзіцеся, каб Кольхауна пасадзілі на лаву падсудных. Нявінны чалавек займаў гэта месца дастаткова доўга!

Суддзя не асмельваецца супярэчыць волі пераважаючай большасці, і Касія Кольхауна выклікаюць у суд.

Глашатай тройчы называе яго імя. Адказу няма. Усе шукаюць вачыма капітана.

Раптам Зеб Стумп пакідае месца, дзе ён толькі што даваў паказанні, падыходзіць да сваёй старой кабылы; са спрытнасцю, якая здзівіла ўсіх прысутных, ён ускаквае на спіну каню і адязджае ад дуба.

Адначасова бачаць, як нехта другі прасоўваецца між коней, прывязаных убаку. Рухі гэтага чалавека таропкія, хоць надзвычай насцярожаныя.

— Гэта ён! Гэта Кольхаун! Збіраецца ўцячы!.. — закрычалі з усіх бакоў.

— Схапіце яго! — пачуўся голас суддзі. — Схапіце і прывядзіце сюды!

Распараджэнне не давялося паўтараць, дзесяткі людзей адначасова кінуліся да сваіх коней.

Кольхаун апынуўся першым каля свайго мустанга і хутка ўскочыў у сядло. Азірнуўшыся назад, ён паімчаўся ў прэрыю шалёным галопам.

Пяцьдзесят коннікаў паімчаліся за ім, натхнёныя павучальнымі словамі маёра: «Прывязіце яго жывым ці мёртвым!» Ніколі яшчэ жыццё капітана не было ў такой небяспецы.

Ён імчыцца да Рыо-Грандэ, але не для таго, каб перабрацца праз мексіканскую граніцу; не там ён разлічвае знайсці сабе сховішча — ён хоча схавацца ў вігваме каманчаў. Там ён знойдзе не толькі гасцінны прыём, але, магчыма, зробіць крывавую кар‘еру.

Ніякія беды наперадзе не могуць параўнацца з тым, што пагражае яму ззаду. Магчыма, ён пасля пашкадуе аб гэтым вар‘яцкім учынку, на які штурхае яго неабходнасць. Ён страціць багацце, сяброў, становішча ў цывілізаваным грамадстве; больш за тое — яму пагражае разлука з любімай жанчынай. Але цяпер няма часу нават падумаць пра яе. Для Касія Кольхауна жыццё даражэй за каханне.

* * *

З хуткасцю арабскага каня імчыць забойцу шэры мустант. Ці вытрымае ён гэтую шалёную язду?