Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/291

Гэта старонка не была вычытаная

«Якое шчасце, што я абмяняўся канём з мексіканкай, — думае Касій Кольхаун. — Калі-б не яе мустанг, я ўжо стаяў-бы цяпер перад тварам строгага суда і раззлаванага натоўпа».

Касій Кольхаун не баіцца больш гэтага жахлівага лёсу і суцяшае сябе думкай, што небяспека мінавала. Ён азіраецца назад і бачыць, што коннікі асталіся далёка ззаду.

Капітан глядзіць наперад, — цёмнымі контурамі вырысоўваецца паласа лесу на ізумруднай зелені саванны. Злачынца не сумняваецца, што, дасягнуўшы лесу, ён выратуе сваё жыццё.


Раздзел XCVII

ПАГОНЯ ЗА ЗАБОЙЦАМ

— Няўжо не дагоняць злачынцу? — мімаволі пытаюцца тыя, хто астаўся пад дрэвам.

Па прэрыі імчацца пяцьдзесят коннікаў, ваенных і цывільных, з імі і Зеб Стумп.

— Не можа быць, каб не дагналі!

Але вось да пагоні далучыўся і яшчэ адзін коннік — гэта Морыс Джэральд на сваім быстраногім мустангу.

З напружанай увагай усе сочаць за ім; ніхто ўжо больш не сумняваецца, што злачынцу дагоняць, затрымаюць і прывядуць у суд.

Не паспеў Кольхаун пераканацца ў сваім выратаванні, як, азірнуўшыся назад, ён убачыў гнедага. Але сядок у яго не той, што быў раней, не абезгалоўлены труп, а Морыс-мустангер, чалавек, якому ён жадаў смерці.

Ад яго пагоні не ўцячэш! Халодныя дрыжыкі прабеглі па целу ўцекача. Але ўбачыўшы блізка ўжо зараснікі, у ім зноў успыхвае надзея.

Зноў прышпорвае ён змучанага шэрага мустанга.

Прасека. Кольхаун уязджае туды. Вось і круты паварот. Далей можна будзе схавацца ў густых зарасніках. Але не! Ужо зусім блізка чуваць тупат гнедага мустанга. Чуецца голас: мустангер патрабуе, каб капітан спыніўся.

З крыкам роспачы Касій Кольхаун нацягвае павады і ў той-жа час хапаецца за рэвольвер. Чуецца стрэл.

Куля свішча ў паветры. і ў той-жа міг чуваць шыпячы гук: здаецца, што доўгая змяя ўзлятае над галавой капітана.

Няма ўжо часу другі раз спусціць курок. Няма нават часу выкруціцца ад ласо: пятля апускаецца на яго плечы. Разлягаецца крык: «Здавайся, забойца!» Касій Кольхаун бачыць, як гнеды паварочваецца да яго хвастом, і ў наступны раз капітан выбіт з сядла.

Пасля гэтага Кольхаун нічога не чуе, не бачыць і не адчувае. Ударыўшыся аб цвёрдую зямлю, ён траціць прытомнасць.