Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/293

Гэта старонка не была вычытаная

Кольхаун са здзіўленнем глядзіць на старога паляўнічага. Абмен? Нават гэта ён ведае?

— Ну, — прадаўжае Зеб з нецярплівасцю, — нязручна прымушаць суд чакаць. Ці гатовы вы?

— Да чаго?

— Па-першае, да таго, каб вярнуцца разам са мною і з містэрам Джэральдам. Па-другое, што асабліва важна, каб з‘явіцца перад судом.

— Суд? Я павінен з‘явіцца перад судом?

— Так, вы, містэр Кольхаун.

— Па якому абвінавачанню?

— Вы абвінавачваецеся ў забойстве Генры Пойндэкстэра, вашага стрыечнага брата.

— Гэта хлусня! Подлая хлусня, хто-б гэта не гаварыў!

— Маўчаць! — загадна крычыць Зеб. — Не стамляйце сябе размовамі. Калі толькі Зеб Стумп не памыліўся, то вам давядзецца яшчэ шмат гаварыць. Ну, а цяпер пойдзем. Суддзя чакае, чакаюць прысяжныя, а таксама і шэсцьдзесят рэгулятараў.

— Я не вярнуся, — фанабэрыста адказвае Кольхаун. — Хто даў вам права загадваць мне? Вас ніхто не ўпаўнаважыў на гэта!

— Няўжо? — перапыняе яго Зеб. — Мне дадзена гэтае права самой справядлівасцю, — прадаўжае паляўнічы, беручыся за стрэльбу. — Вы гэта бачыце? І я скарыстаю сваё права. Так што лепш за ўсё пакіньце размаўляць. Сядайце лепш на маю кабылу і давайце спакойна рушыць у дарогу. А то, бадай, давядзецца прывязаць вас да каня, як просты клунак. Вы павінны вярнуцца, вось і ўсё.

Кольхаун не адказвае. Ён безнадзейна глядзіць то на Стумпа, то на Джэральда, то навокал сябе, пасля ўпотайкі на рэвальвер, які тырчыць у яго з кішэні, ён спрабуе дастаць яго.

Яму перашкаджае ласо, а апрача ласо — стары Зеб, які накіраваў на яго дула сваёй стрэльбы.

— Хутчэй! — крычыць паляўнічы. — Узлязайце на каня, містэр Кольхаун! Вас чакае старая кабыла. У сядло, я вам гавару!

З механічнай пакорлівасцю падначальваецца капітан распараджэнню паляўнічага і садзіцца на каня. Ён робіць гэта пад пагрозай немінучай смерці.

Зеб Стумп бярэ кабылу за аброць і вядзе за сабою.

Мустангер у задуменні едзе ззаду. Яго думкі накіраваны да жанчыны, якая сваім самаадданым каханнем цалкам заўладала яго сэрцам.


Раздзел XCIX

ДВА СТРЭЛЫ

Пасля другога нечаканага перапынку, менш працяглага, чым першы, суд зноў аднавіў сваё паседжанне пад дубам.

Надышоў ужо вечар. Касыя праменні заходзячага сонца пранікаюць на ўчастак, ахаваны густой зеленню дрэва. Гэтыя пра-