Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/295

Гэта старонка не была вычытаная

жыць, калі я выявіў гэта. Я даведаўся аб усім праз шмат часу пасля.

Асуджаны падымае вочы, нібы ў надзеі, што яму ўдалося выклікаць спачуванне. Але на злосных тварах ён не бачыць спагадлівасці.

— Я не адмаўляю, — гаворыць Кольхаун, — я не магу адмаўляць, што быў чалавек, якога я хацеў забіць. Не буду ўтойваць таксама і яго імя. Вось ён, гэты нягоднік, які стаіць тут перада мною.

З нянавісцю глядзіць Кольхаун на Морыса Джэральда. Той адказвае яму зусім спакойным, зусім абыякавым позіркам.

— Так, яго я хацеў забіць. Для гэтага ў мяне былі свае падставы, аб іх я не буду гаварыць. Цяпер не варта. Я думаў, што забіў яго, але па ракавой памылцы выявілася, што я забіў стрыечнага брата. Як мог я здагадацца, што гэты ірландскі сабака памяняўся плашчом і капелюшом з Генры Пойндэкстэрам? Астатняе вам вядома. Я меціў у ворага, а папаў у сябра. Стрэл, як відаць, быў ракавым, і коннік зваліўся з каня. Але каб не аставалася сумненняў, я выняў нож — праклятае серапэ ўсё яшчэ ашуквала мяне — і адсек няшчаснаму галаву.

Чуюцца крыкі, патрабуючыя адплаты.

— А цяпер, — закрычаў Кольхаун, калі хваляванне крыху супакоілася, — вы ведаеце аб усім, што здарылася, але вам яшчэ невядома, чым гэта скончыцца! Вы бачыце, што я стаю на краю магілы, але я не спушчуся ў яе, пакуль і яго не адпраўлю туды-ж. Я не магу інакш, клянуся богам!

Адразу-ж чуюцца два стрэлы, адзін услед за другім.

Ніцма падаюць два чалавекі. Яны ляжаць нерухома, амаль дакранаючыся галовамі адзін да другога.

Адзін з іх — Морыс Джэральд, мустангер, другі — Касій Кольхаун, капітан кавалерыі.

Натоўп акружае іх кальцом. Як відаць, яны абодва нежывыя. Сярод напружанай цішыні чуецца страшэнна жаласлівы крык жанчыны.


Раздзел C

РАДАСЦЬ

Радасць!

Так, іменна гэтае пачуццё было перажыта Луізай пад ценем вялізнага дуба, калі выявілася, што адбылося толькі самазабойства; забойства-ж не ўдалося.

Усё яшчэ сціскаючы сэрца сум, выкліканы цэлым радам трагічных здарэнняў, не мог заглушыць буру шчаслівых перажыванняў.

І хто асудзіць за гэта маладую жанчыну?

Толькі не я. І не вы, калі будзеце шчырыя.