Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/297

Гэта старонка не была вычытаная

мустангера. Яна не стала абараняць мексіканца і тады, калі кучка рэгулятараў рашыла пытанне аб пакаранні і тут-жа, на дрэве, павесіла Дыяза.

* * *

Прайшло дзесяць год. Вялікія перамены адбыліся за гэты час у Техасе і асабліва ў сетлментах ваколіц Леоны і Нуэсес.

З‘явіліся плантацыі там, дзе раней былі непраходныя лясныя зараснікі. У дзікай прэрыі, дзе пасвіліся калісьці табуны мустангаў, выраслі вялікія гарады.

Вы пачуеце цяпер новыя імёны людзей, месц і паселішч.

Але старая гасіенда Каса-дэль-Карво захавала сваё ранейшае імя. Там вы знойдзеце і ранейшую гасціннасць, і знаёмых вам людзей.

Гаспадар гасіенды — адзін з самых прыгожых мужчын у Техасе, яго жонка — адна з самых прыгожых жанчын гэтых краёў. Гэта Морыс Джэральд і Луіза.

Вы сустрэнеце там ветлівага, жыццерадаснага старога. Гэта Вудлі Пойндэкстэр. Ён павядзе вас да сваіх кораляў, пакажа сваю жывёлу і будзе з гордасцю расказваць пра сотні і тысячы коней і рагатай жывёлы, якія пасвяцца на пашах плантацый.

У сценах старой гасіенды вы пачуеце звонкія галасы шасцярых дзяцей. Гэта ўнукі Пойндэкстэра, уцеха яго старасці.

Калі вы зазірнеце ў стайню, то ўбачыце там старога знаёмага, Феліма О‘Ніла. Ён займае пасаду конюха ў Каса-дэль-Карво. Тут-жа вы можаце сустрэць і чарнаскурага Плутона, які цяпер выконвае толькі абавязак фурмана і рэдка калі ўдасужыцца паглядзець на каня раней, чым узбярэцца на козлы карэты і возьме ў рукі лейцы.

У Плутона ёсць жонка, вядомая чытачу Фларында. За абедзеным сталом у Каса-дэль-Карво вы пачуеце яшчэ адно знаёмае імя — імя старога паляўнічага Зеба Стумпа. Як толькі на абедзеным стале з‘яўляецца смажаны індык або аленіна, зараз-жа пачынаецца размова пра Зеба Стумпа. І асабліва ўзмоцнена яго ўспамінаюць, калі на стале бывае віно.

Праўда, самаго Зеба вы рэдка там сустрэнеце. Ён выходзіць з гасіенды, калі ўсе жыхары яшчэ ў пасцелі, і вяртаецца, калі яны ўжо зноў кладуцца спаць. Аднак, трафеі яго палявання ясна гавораць, што стары Стумп — жыхар гэтага дома.

У часе прабывання ў Каса-дэль-Карво вы, напэўна, пачуеце ўрыўкі загадачнай гісторыі, якая зрабілася амаль легендай.

Слугі не адмовяцца расказаць вам яе ўсю — з пачатку да канца, але толькі шэптам. Гэта — забароненая тэма ў доме: яна выклікае сумныя ўспаміны ў гаспадароў гасіенды.

Гэта — аповесць пра конніка без галавы.