— Так, ваша праўда, — паспяшалася адказаць яна тонам, у якім чулася ні то некаторая дакорлівасць, ні то шкадаванне. — Я не падумала аб гэтым. Дзякуй, сэр, што вы напомнілі мне аб маіх абавязках. Трэба ехаць назад!
Яны зноў селі ў сёдлы. Неахвотна падабрала Луіза павады, неяк марудліва ўставіла ногі ў страмёны, і, здавалася, ёй зусім не хацелася пакідаць гэта цікавае месца, дзе быў зроблены загон для дзікіх коней.
∗ ∗
∗ |
Морыс накіраваўся са сваёй спадарожніцай да месца пікніка самай кароткай дарогай.
Яны ехалі назад цераз «прэрыю пустазелля». Так назвалі яе піонеры-каланізатары Амерыкі, як відаць не задумваючыся асабліва над выбарам тэрміна.
Ураджэнка Луізіяны ўбачыла вакол сябе велізарны кветнік, усыпаны яркімі кветкамі, кветнік, які мяжуе з блакітным зводам неба, насаджаны і вырашчаны самой прыродай.
— Якая прыгожасць! — з захапленнем усклікнула крэолка, мімавольным рухам спыняючы каня.
— Вам падабаецца тут, міс Пойндэкстэр?
— Падабаецца? Больш таго, сэр. Я бачу перад сабою ўсё, што ёсць самае прыгожае ў прыродзе: зялёную траву, дрэвы, кветкі — усё, што з такой цяжкасцю вырошчвае чалавек. І ўсё-ж ніколі ён не можа дасягнуць роўнага гэтаму па прыгожасці. Тут нічога нельга дадаць, — гэта кавалак прыроды, бездакорны ў сваёй дасканаласці.
— Тут нехапае дамоў.
— Але стрэхі і коміны парушылі-б прыгожасць пейзажа. Чыстыя контуры дрэў такія прыгожыя. Пад іх ценем мне хацелася-б жыць, пад іх ценем мне хацелася-б…
Слова «кахаць» гатова была сарвацца з яе вуснаў, але яна раптам спынілася і нечакана нават для сябе замяніла яго словам «памерці».
Яна гаварыла ва унісон з тым, што адчуваў і сам ірландзец, яе словы былі нібы водгуллем яго адчуванняў, але ён маўчаў.
Яго адказ прагучэў суха і празаічна:
— Я баюся, міс, што вам хутка абрыдла-б такое жыццё, без даху, без людзей, без…
— А вы, сэр? Як-жа яно вам не абрыдвае? Ваш сябра, містэр Стумп, якому я зусім давяраю, гаварыў мне, што вы вядзеце такое жыццё ўжо некалькі год. Ці праўда гэта?
— Правільна.
— О, як вам зайздрошчу! Я ўпэўнена, што я была-б бясконца шчаслівай сярод гэтай прыгожай прыроды. І мне такое жыццё ніколі не надакучыла-б.