Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

горадзе Техаса — новы ён ці заснаваны ў самым пачатку каланізацыі гэтага края — назіраецца тая-ж карціна.

Толькі ў нямногіх захаваўшыхся гарадах іспанска-мексіканскага паходжання крэпасці і манастыры ўзвышаюцца над іншымі будынкамі. Але і гэтыя рэліквіі мінулага большай часткай таксама ператварыліся ў таверны.

Таверна форта Індж, хоць і была самым вялікім будынкам у горадзе, тым не менш не прадстаўляла сабою нічога асабліва выдатнага. Знешні выгляд яе наўрад ці прэтэндаваў на які-небудзь архітэктурны стыль. Гэта была драўляная пабудова, збудаваная па форме літары «Т». Крыло, якое складала вертыкальную частку літары, было занята пад сталовую і пакоі для прыязджаючых. Пярэдняя-ж частка прадстаўляла адно вялікае памяшканне і была адведзена пад бар, або, як яго называюць у Амерыцы, салун. Тут пілі, курылі і гутарылі.

Гасцініцы ў Техасе, па агульнай традыцыі Злучаных штатаў служаць адначасова і біржай для здзелак і клубам.

Напэўна, з самага пачатку свайго існавання гасцініца форта Індж не збірала такой колькасці наведвальнікаў, як увечар пасля апісанага пікніка.

Амаль усе ўдзельнікі экскурсіі, за выключэннем дам, палічылі неабходным скончыць вечар у бары. Не паспеў гадзіннік прабіць адзінаццаць, як у таверну нахлынулі наведвальнікі. Афіцэры форта, мясцовыя плантатары, пастаўшчыкі і проста авантурысты вераніцай ішлі адзін за другім. Кожны з уваходзіўшых накіроўваўся проста да стойкі, патрабуючы свой любімы напітак, а затым далучаўся да сваёй кампаніі.

Адна група звяртала на сябе асаблівую ўвагу. Гэта была кампанія з васьмі або дзесяці чалавек. Сярод іх былі тры афіцэры, ужо знаёмыя чытачу: капітан пяхоты і два лейтэнанты — драгун Генкок і стралок Кросман. З імі быў і маёр.

Размова паміж субяседнікамі мела зусім нявымушаны характар. Тэмай абмеркавання былі здарэнні сёнешняга дня.

— Скажыце-ж нам, калі ласка, маёр, — запытаў Генкок, — вам, напэўна, вядома, куды паехала міс Пойндэкстэр?

— Адкуль-жа мне ведаць? — адказаў той. — Запытайцеся аб гэтым у містэра Касія Кольхауна.

— Мы пыталіся ў яго, але як след нічога не даведаліся. Ясна, што ён ведае не больш за нас. Ён сустрэў іх па дарозе назад, і то недалёка ад таго месца, дзе мы размясціліся на бівуаку. Яны адсутнічалі вельмі доўга і, мяркуючы па іх узмыленых конях, ездзілі некуды далёка. За гэты час яны маглі-б даехаць да Рыо- Грандэ і нават далей.

— Не звярнулі вы ўвагі на твар Кольхауна, калі ён вярнуўся? — запытаў капітан пяхоты. — Ён быў хмурны, як хмара, і, як відаць, яго трывожыла штосьці вельмі непрыемнае.