Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

адносіны да пляменніка. Як ужо было сказана, Пойндэкстэр быў даўжніком свайго пляменніка. Гэта задоўжанасць павялічылася да такіх размераў, што фактычна Касій Кольхаун зрабіўся ўласнікам Каса-дэль-Карво. І гэта ён мог абвясціць у любы момант.

За апошні час Кольхаун узмоцнена спрабаваў скарыстаць сваё становішча, каб дабіцца рукі Луізы. Ён ужо даўно быў страсна закаханы ў яе. Заваяваць яе сэрца ён не змог, і яна гэтага ад яго не скрывала. Таму ён рашыў дабіцца свайго цераз бацьку, добра разумеючы сваю ўладу над ім.

Нядзіва, што пры стварыўшыхся адносінах да капітана ў часе яго цяжкай хваробы было праяўлена менш увагі, чым гэта магло быць у іншы час.

У той перыяд, калі хворы адчуваў яўную пагрозу смерці, ён як быццам быў мякчэйшым да акружаючых. Але гэта цягнулася нядоўга. Як толькі Кольхаун адчуў, што небяспека мінавала, у ім зноў прачнулася ўся дзікая нястрымнасць яго характару, узмоцненая разуменнем свайго ганебнага паражэння.

Ён любіў пускаць пыл у вочы; яму падабалася разыгрываць героя, паказваць сваю перавагу над натоўпам. Цяпер гэтая магчымасць адпала. Ён дыскрэдытыраваў сябе ў вачах цехаскага грамадства. І гэта разуменне прычыняла яму нечуванае мучэнне. Разумець-жа, што вінавайцам яго зневажэння быў яго-ж сапернік у каханні, было вышэй за яго сілы.

Морыс-мустангер павінен памерці. І калі не ад яго рукі, рукі Касія Кольхауна, то ад чыёй-небудзь іншай. Капітан не сумняваўся, што ў шырокіх прэрыях Техаса ён знойдзе наёмнага забойцу. Золата-ж усясільны метал. А Кольхаун уладаў золатам у дастатковай колькасці, і падкупіць забойцу яму было няцяжка.

У адзіноцтве свайго пакоя, выздараўліваючы ад ран, Кольхаун абдумваў план забойства мустангера. Ён хацеў знайсці падстаўную асобу — чалавека, які-б забіў мустангера за плату.

Ён успомніў аб адным чалавеку, які мог-бы выканаць гэтае даручэнне. Гэта быў мексіканец, такі-ж мустангер, як і Морыс. Кольхаун ведаў, што паміж гэтымі двума людзьмі не было сяброўскіх адносін.

Аб людзях гэтай своеасаблівай прафесіі склалася дрэнная слава ў Техасе. Рамяством мустангера займаліся звычайна толькі адкіды цывілізаванага грамадства.

Калі мустангеры жылі ў сетлментах, яны надакучалі мірным жыхарам сваімі заўсёднымі дэбошамі. Спаткацца-ж з імі ў пустыннай прэрыі — азначала рыскаваць жыццём.

Касій Кольхаун успомніў аб адным з іх. Ён успомніў, што сустракаў яго неаднаразова ў таверне, бачыў яго і ў ноч дуэлі. Гэты мустангер быў адным з тых, хто нёс яго на насілках пасля фатальнай дуэлі. Успомнілася яму і кінутая мексіканцам па адрасу Морыса Джэральда заўвага, якая яўна выдавала яго