Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/94

Гэта старонка не была вычытаная

шыся да яго рукава і запытальна гледзячы яму ў вочы, — вы, напэўна, усё ведаеце? Як яго здароўе? Ці небяспечна ён ранены?

— Вы пытаецеся пра містэра Кольхауна? Ці не праўда?

— Не, не, пра яго я ўсё ведаю. Я не пра яго гавару.

— Наколькі я ведаю, ранены былі двое. Адзін з іх Морыс-мустангер. Ці можа гэта быць, што вы пытаецеся іменна аб ім?

— Так, так, аб ім. Вы разумееце, што, не гледзячы на яго сварку з маім стрыечным братам, я не магу абыякава ставіцца да гэтага чалавека. Вы-ж ведаеце, што Морыс Джэральд двойчы выратаваў мне жыццё. Скажыце, небяспечна ён ранены?

Гэта было сказана з такім хваляваннем, пры якім жарты недарэчы. Зеб паспяшаўся адказаць:

— Небяспекі няма ніякай. Адна куля прастрэліла яму нагу вышэй шчыкалаткі; гэтая рана не небяспечней за драпіну. Другая куля папала ў левую руку. У гэтым нічога сур‘ёзнага няма. Толькі вось крыві ён страціў шмат. Самаадчуванне ў яго добрае, і праз некалькі дзён яму можна будзе ўжо ўстаць з пасцелі. Хлапец гаворыць, што калі-б ён праехаўся конна па прэрыі, то гэта вылечыла-б яго хутчэй, чым дактары Техаса. Я таксама гэтак думаю. Але яго лечыць хірург форта, які не дазваляе яму пакуль устаць.

— Дзё ён ляжыць?

— У гасцініцы. Там-жа, дзе адбываўся скандал.

— Я чула, што ў Обердофера дрэнна. Хвораму, напэўна, шмат чаго нехапае. Пачакайце хвілінку, містэр Стумп, я зараз вярнуся. Мне хочацца яму паслаць што-небудзь. Я ведаю, што вы гэта зробіце для мяне. Ці не праўда? Я ўпэўнена ў гэтым.

Не чакаючы адказу, Луіза накіравалася да лесніцы і хутка спусцілася па ёй.

Хутка яна вярнулася з карзінкай у руцэ.

— Мілы містэр Стумп, вы-ж перадасцё гэта містэру Джэральду? Тут крыху віна, варэнне і сёе-тое іншае. У часе хваробы хочацца палакаміцца, а наўрад ці можна ў гасцініцы дастаць што-небудзь смачнае. Толькі не гаварыце яму, ад каго гэта, і нікому іншаму не гаварыце. Я ведаю, што вы не скажаце. Вы-ж наш добры велікан.

— Вы можаце даверыцца старому Зебу Стумпу, міс Луіза. Я толькі чуў, што яму прывозіў ужо сякія-такія лакамствы нейкі мексіканец. Толькі некалькі хвілін таму назад я сустрэў яго недалёка ад вашай гасіенды. Ён суправаджаў нейкую жанчыну, якая ехала па-мужчынску на кані. А ў руцэ мексіканец трымаў карзінку, акурат такую, якую містэр Морыс толькі нядаўна атрымаў. Напэўна, ён вёз зноў усякую ўсячыну для хворага.

У некалькіх словах было сказана многае. Усё стала занадта відавочным: у Луізы Пойндэкстэр была саперніца. Мексіканка з ласо, напэўна, была нявестай, а магчыма, і каханкай мустангера.