Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

І, напэўна, не выпадкова карзінка, пастаўленая на парэнчы азотэі і прытрымліваемая рукою крэолкі, раптам саслізнула ўніз. Бутэлькі і баначкі разляцеліся дробнымі асколкамі па каменных плітах двара, а змесціва іх выцекла, запырскаўшы ўсё навокал.

— Ах, як шкада! — сказала Луіза, намагаючыся замаскіраваць сваё гора. — Што скажа Фларында? Ну нічога, містэр Джэральд акружаны такой увагай, што наўрад ці патрэбен яму мой падарунак. Я так рада, што аб ім не забываюцца, — я-ж так многім яму абавязана. Але толькі, калі ласка, містэр Стумп, ні слова нікому. Не гаварыце таксама, што я пыталася аб ім. Паколькі дуэль была з маім стрыечным братам, гэта можа выклікаць непатрэбныя размовы. Вы-ж абяцаеце мне, любы Зеб?

— Клянуся вам, калі вы гэтага хочаце. Ніводнага слова нікому, міс Луіза. Вы можаце спакойна даверыць старому Зебу.

— Я ведаю гэта. А цяпер пойдзем адсюль. Сонца пачынае моцна прыпякаць. Давайце спусцімся ўніз і паглядзім, ці не знойдзем мы там крыху вашага любімага манонгахельскага віскі. Пойдзем!

І маладая крэолка, прытворна-вясёлая, накіравалася да лесніцы, напяваючы новаарлеанскі вальс.

Луіза хутка развіталася з паляўнічым. Быць з ім ужо больш не было цікава ёй. Яна паспяшалася да сябе ў пакой, каб астацца адной са сваім горам.

Першы раз у жыцці Луізу Пойндэкстэр мучыла рэўнасць. Гэта было яе першае сапраўднае каханне. Яна была закахана ў Морыса Джэральда, у гэтым ужо не аставалася сумненняў.

Увагу мексіканскай сен‘ёрыты наўрад ці можна было вытлумачыць простай дружбай. Напэўна, іх звязвалі больш цесныя адносіны.

Луіза не знаходзіла сабе спакою. Убачыць зноў мексіканскую дзяўчыну і разгледзець яе твар зрабілася для яе неабходнасцю.

Як толькі паехаў Зеб Стумп, яна папрасіла асядлаць крапчатага мустанга.

Набліжаючыся да форта, яна, як і меркавала, сустрэла сваю саперніцу.

Тут дарога была заценена дрэвамі. Мексіканская дзяўчына ехала з адкрытай галавой, нядбайна спусціўшы шарф на плечы. Пышныя, чорныя, як крыло ворана, валасы абводзілі як рамкай смуглы тварык.

Абедзве дзяўчыны, трымаючыся правіл прыстойнасці, пры сустрэчы абмяняліся толькі беглым позіркам. Але, ад‘ехаўшы крыху, як тая, так і другая не маглі ўтрымацца ад жадання зірнуць яшчэ раз украдкай адна на другую, і абедзве павярнуліся.