Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

Як відаць, не толькі Луіза чула аб мексіканскай сен‘ёрыце, але і тая ведала аб ёй.

Размышленні Луізы зрабіліся яшчэ сумнейшымі.

«Прыгожая! падумала яна, праехаўшы міма сваёй саперніцы. — Так, занадта прыгожая, каб быць яму толькі сябрам. У мяне няма ні хвіліны сумнення, што ён любіць яе. Толькі гэтым можна растлумачыць яго раўнадушша да мяне. Трэба забыцца аб ім, скінуць з сябе гэтыя сардэчныя путы. Забыцца! Гэта лёгка сказаць. Але ці магу я гэта зрабіць? Я не павінна з ім больш сустракацца. Але чым-жа я заслужыла гэтыя пакуты? О, Морыс Джэральд, нашто я пакахала цябе?»


Раздзел XXVI

ЗНОЎ НА АЗОТЭІ

Луізе Пойндэкстэр нялёгка было змагацца з аўладаўшым ёю пачуццём.

Спачатку ёй здавалася, што сілай волі яна заглушыць боль сэрца, што знойдзе выйсце ў прыроджанай жыццерадаснасці свайго характару. Але ішлі дні, а палёгкі не наступала, — Морыс Джэральд занадта моцна заўладаў яе сэрцам.

Былі моманты, калі Луіза ненавідзела яго, або, правільней, хацела ненавідзець. Тады ёй здавалася, што яна сама магла-б, не шкадуючы, забіць Джэральда, але гэта былі толькі хвілінныя парывы. Чым больш яна думала, тым больш разумела, што калі-б нават ён быў яе злейшым ворагам, яна ўсёроўна не перастала-б кахаць яго.

Ненавідзець Морыса і пагарджаць ім Луіза не магла. Яна толькі спрабавала быць да яго раўнадушнай.

Але гэта была дарэмная спроба. Кожны дзень, амаль кожную гадзіну яна падымалася на азотэю і глядзела на дарогу.

Больш за тое, не гледзячы на сваё рашэнне ўнікаць сустрэчы з чалавекам, які зрабіў яе няшчаснай, яна садзілася на каня і ездзіла па дарозе, па вуліцах сетлмента з адным толькі намерам — сустрэць яго.

Праз тры дні пасля першай сустрэчы з саперніцай Луіза зноў убачыла яе з азотэі. Мексіканка ехала, як і ў мінулы раз, у суправаджэнні таго самага конніка; у яго на руцэ зноў была карзінка. Назіраючы за імі, Луіза ўся дрыжэла ад рэўнасці, зайздросцячы той, якая папярэдзіла яе клопаты аб хворым.

Луіза ведала цяпер аб ёй больш, чым раней, хоць і не так многа. Гэта была дон‘я Ісідора Каварубіо дэ Лос-Ланос — дачка ўласніка вялікай гасіенды на Рыо-Грандэ. У яе быў дзядзька — уласнік памесця на Леоне.

Маладую мексіканку лічылі эксцэнтрычнай асобай, добра ўладаючай ласо, здольнай усмірыць любога дзікага мустанга, але толькі не свае ўласныя капрызы.