Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная

Такая склалася думка аб мексіканскай сен‘ёрыце ў амерыканскіх жыхароў сетлмента.

Але Луізе ад гэтых звестак не стала лягчэй, — наадварот, яе рэўнасць узмацнілася. Маладой крэолцы здавалася, што такія якасці якраз і павінны былі выклікаць пракланенне мужчын перад мексіканскай дзяўчынай. І наўрад ці быў Морыс Джэральд выключэннем.

Прайшло яшчэ некалькі дзён, але дзяўчына з ласо больш не паказвалася.

«Ён паправіўся ад ран, — думала крэолка, — і ўжо больш не мае патрэбы ў нястомнай увазе».

Так яна размышляла, стоячы на азотэі і ўглядаючыся ўдалечыню. Гэта было досвіткам, незаўбаве пасля ўсходу сонца, у гадзіну, калі звычайна з‘яўлялася конніца.

Луіза раптам замерла, здзіўленая нечаканасцю. На дарозе яна ўбачыла Морыса Джэральда на кані.

Яго пасадка была некалькі звязаная; ён ехаў павольным трушком.

Пазнаўшы яго, маладая крэолка схавалася за парэнчы азотэі; з яе грудзей вырваўся прыдушаны крык. Гэта не быў крык здзіўлення. Гэта не быў і крык жаласці пры відзе хваравітай бледнасці яго твара і бездапаможна вісеўшай раненай рукі, — гэта быў стогн набалелага сэрца.

Хворы паправіўся ад ран. Яму больш не патрэбна была дапамога сястры міласэрдзя. Ён цяпер ехаў да яе сам.

Пад прыкрыццем квітнеючай юкі Луіза сачыла за кожным рухам Джэральда.

Яна адчула некаторую палёгку, заўважыўшы, што ён кінуў некалькі позіркаў на Каса-дэль-Карво, і ёй зрабілася яшчэ радасней, калі Морыс спыніўся ля гаю і доўга, уважліва глядзеў у бок гасіенды.

У яе прамільгнула надзея, што, гледзячы на гасіенду, ён думаў пра яе. Але гэта была мімалётная радасць. Яна змянілася зноў змрочным сумам.

Куды-ж ён ехаў? Вядома, наведаць дон‘ю Ісідору Каварубіо дэ Лос-Ланос.

Праўда, ён вярнуўся ўсяго праз гадзіну. Але-ж яны маглі сустрэцца ў лесе.

І што ў тым, што мустангер, праязджаючы міма, зноў зірнуў на гасіенду і зноў спыніўся ля гаю і доўга і ўважліва глядзеў у бок Каса-дэль-Карво? Гэта магло быць толькі праяўленнем каварства, — так растлумачвала сабе Луіза яго паводзіны.

Ён хацеў толькі распячы раны яе сэрца, адчуваючы сябе пераможцам. Але навошта такая жорсткасць? Навошта ён спыніўся тут, з яшчэ не астыўшымі на губах пацалункамі Ісідоры!