Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/98

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел XXVII

„Я КАХАЮ ЦЯБЕ!“

Луіза Пойндэкстэр зноў на азотэі, зноў ва ўладзе новых пакут. Яна ўжо неаднаразова давала сабе клятву, што не будзе падымацца туды. Але гэтая клятва парушалася ў наступны-ж дзень, перш чым сонца паспявала асушыць расу на траве прэрыі.

Як і напярэдадні, яна стаяла на азотэі, углядаючыся ў дарогу. Як і напярэдадні, яна ўбачыла праязджаючага конніка. Як і напярэдадні, яна схавалася за парэнчамі.

Коннік ехаў па дарозе. Як і напярэдадні, ён кінуў позірк на гасіенду і, спыніўшыся ля гаю, доўга глядзеў у бок Каса-дэль-Карво.

Надзеяй і страхам затрапятала сэрца маладой крэолкі. Яна ўжо гатова была паказацца з-за свайго прыкрыцця, але страх перамог, а праз хвіліну коннік знік.

Куды? Вядома, на спатканне з Ісідорай! Ці магло тут быць сумненне!

Калі так, то гэта трэба як мага хутчэй высветліць. Не прайшло і дваццаці хвілін, як на той-жа дарозе з‘явіўся другі конь, леапардавай афарбоўкі.

Рэўнівае сэрца крэолкі не магло ўжо больш мучыцца сумненнямі. Ніякая праўда не магла ёй прычыніць большыя пакуты, чым тыя, якія яна адчувала ад сваіх падазрэнняў. І яна рашыла дазнацца аб праўдзе.

Луіза накіравалася ў гай, дзе дваццаць хвілін таму назад схаваўся з вачэй мустангер. Яна ехала пад зыбкімі ценямі акацый. Ехала па мяккай траве ля дарогі, зусім бясшумна. Яна баялася, каб конь не ўдарыў капытом аб камень.

Дзяўчына ўважліва ўглядалася ў гай.

Затым яна паднялася на вяршыню ўзгорка. Адтуль убачыла дом, акружаны высокімі дрэвамі. Яна ведала, што гэта была гасіенда Сільвіо Мартынеца, дзядзькі Ісідоры. Унізе, на раўніне, былі відаць і іншыя дамы, але толькі на адзін з іх і толькі на дарогу, што вяла да яго, быў накірован пытальны позірк крэолкі. Але конніка не было відаць.

«Сен‘ёрыта магла выехаць насустрач да яго, або, магчыма, Морыс зайшоў у дом да іх? Дзе яны цяпер — у лесе ці ў сценах дома? Калі так, то ці ведае аб гэтым дон Сільвіо?»

Думкі Луізы былі абарваны ірзаннем каня і гукам падковы, якая ўдарыла аб камень.

Луіза паглядзела ўніз. Мустангер падымаўся проста да яе па абрывістаму схілу.

— Добры дзень, міс Пойндэкстэр, — сказаў ён пад‘язджаючы. — Вы адна?

— Адна, сэр. А чаму-б мне не быць адной?