Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/99

Гэта старонка не была вычытаная

— Праўда, вы-ж мне гаварылі, што любіце ездзіць адна.

— Вы, здаецца, таксама лічыце за лепшае прагулкі ў адзіноцтве, містэр Джэральд. Ці я памыляюся?

— Ваша праўда, я люблю ездзіць адзін, каб не быць з людзьмі. На жаль, я меў няшчасце жыць у таверне — гасцініцы, як горда называе яе гаспадар. Там вельмі шумна, а я гэта асабліва востра адчуваю. Прагулкі конна па ціхіх месцах, пад ценем акацый, робяць мне вялікую прыемнасць. Хіба вы не такой-жа думкі?

— Вы лепш аб гэтым можаце меркаваць. Вы-ж так часта ездзіце конна.

— Часта! Я толькі другі раз езджу па гэтых мясцах. Я-ж толькі што ўстаў з пасцелі пасля хваробы. Але даруйце, міс Пойндэкстэр, скажыце мне, калі ласка, адкуль вы ведаеце, што я праязджаў тут?

— О, — адказала Луіза ў замяшанні, — як я магла не заўважыць гэтага! Я прывыкла праводзіць большую частку дня на азотэі. Там вельмі добра, асабліва раніцамі. Я не магла не бачыць вас, калі вы праязджалі па дарозе, але пад акацыямі я вас ужо не бачыла.

— Значыць, вы бачылі мяне?

— Вядома, бачыла. Дарога-ж праходзіць так блізка ад нашага дома. Я нават заўважыла тую лэдзі, што праязджала па гэтай-жа дарозе конна. Мела таксама прыемнасць бачыць, як яна па-майстэрску накінула ласо на шыю беднай маленькай антылопы. Я ўпэўнена, што гэта тая самая маладая дзяўчына, аб якой мне тады гаварылі.

— Ісідора?

— Ісідора!!

— Ах, так. Яна-ж тут гасцявала ў свайго дзядзькі.

— І была вельмі ўважлівай да містэра Морыса Джэральда?

— Так, правільна, яна сапраўды была вельмі добрая, хоць я яшчэ не меў магчымасці падзякаваць ёй. Не гледзячы на ўсю сваю дружбу да мяне, яна не любіць іншакраінцаў і ніколі не згадзілася-б пераступіць цераз парог гасцініцы містэра Обердофера.

— На самай справе! Напэўна, яна лічыць за лепшае сустракацца з вамі пад ценем акацый?

— Я наогул з ёю не сустракаўся даўно і, напэўна, не сустрэнуся ў бліжэйшыя некалькі месяцаў, бо яна паехала на Рыо-Грандэ.

— Вы гаворыце праўду, містэр Джэральд? Вы не бачылі яе з таго часу, як яна паехала ад свайго дзядзькі?

— Так, я не бачыў яе, — адказаў Морыс са здзіўленнем, — і даведаўся аб тым, што яна тут гасцявала, толькі таму, што яна мне прысылала ўсякія далікатэсы, якія, праўду кажучы, былі вельмі дарэчы ў часе маёй хваробы. Кухня гасцініцы Обердофера не стаіць на належнай вышыні; да таго-ж яго адносіны да