Старонка:Краб (1930).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

Афіцэр. Можна ведаць хто?..

Марыся (гледзячы на пярсьцёнак). Мой жаніх…

Афіцэр (у гэты час паводдаль пільна за ёю паглядаў). Дазвольце, памагу!.. (Падышоў да яе).

Марыся (нездаволена). Мне не да жартаў! Прашу даць мне весткі пра бацьку, а не, дык я адыходжу!.. (Аддае яму ліст). Вазьмеце свой ліст!..

Афіцэр (узяў). А вы вазьмеце ліст ад бацькі! (Паказвае ліст. Марыся радасна, але толькі скранулася з месца, як ён падышоў да пня і зрабіў гэст, каб села). Сядзем!.. (Марыся ня ведае што рабіць) Але-ж прашу — калі ласка.

Марыся (нехаця падышла і села).

Афіцэр (сеў, аддаў ліст). Вашы ворагі, радуючыся няшчасьцю, адабралі ад вас дом, зямлю…

Марыся. Зямля мне не патрэбна, бо яна ня наша!..

Афіцэр. А чыя?.. (Марыся не адказвае. Афіцэр ухмыльнуўся).

Марыся. Дом мне таксама не патрэбен! У ім я хацела-б бачыць школу для сялянскіх дзетак!..

Афіцэр. І зямлю і дом мы адбярэм!..

Марыся (зьдзіўлена). Вы?

Афіцэр (хітра паказваючы на ліст). Чытайце! Чытайце!..

Марыся. Скажэце, якім чынам ліст трапіў у вашы рукі?..

Афіцэр. Наш полк пад Менскам адбіваў наступ чырвонай банды…